Беларусь засыпала снегам ад «Уллі»
21- 9.01.2026, 9:56
- 18,378
Абясточана больш за 250 населеных пунктаў, на дарогах — калапс.
К Беларусі ўвечары 8 студзеня наблізіўся цыклон «Уллі», прынёсшы шмат снегу і моцны вецер. Пад удар трапіла энергетычная інфраструктура, былі абясточаныя некаторыя домы. У краіне ёсць раёны, дзе ўзровень снежнага покрыву ўжо вышэй за 30 см. Непагадзь працягваецца і ў пятніцу, піша «Зеркало».
«За мінулыя суткі электразабеспячэнне парушалася ў 251 населеным пункце краіны. Было абясточана 997 трансфарматарных падстанцый, 30 фермаў, шэсць катэльняў», — паведаміла Мінэнерга раніцай 9 студзеня.
Адключэнні зафіксаваны пераважна ў Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. Моцны снегапад, завіруха і шквалісты вецер, парывы якога дасягалі 15−20 м/с, уначы месцамі — да 24 м/с, прывялі да падзення дрэў і галінак на лініі электраперадачы, іх абрываў. Найбольш з-за непагадзі пацярпелі Полацкі, Маладзечанскі, Слуцкі, Мінскі, Рэчыцкі і Жлобінскі раёны.
На 7:00 9 студзеня аднаўленчыя работы працягваліся ў 44 населеных пунктах.

Паводле інфармацыі Белгідрамета, пад Мінскам і Навагрудкам зафіксаваны самы высокі ўзровень снежнага покрыву — 38 см, у раёне Жыткавічаў — 36 см.
У Мінску праз вялікую колькасць снегу на дарогах назіраюцца перабоі з наземным транспартам і ажыятаж у метро — там нават скарацілі інтэрвалы руху цягнікоў.
Тым часам, згодна з паведамленнямі ў чатах «Мінск Міра», у раёне ўвечары 8 студзеня быў заўважаны адважны веласіпедыст. Праўда, ён ішоў, а не ехаў.

А вось у адным з раёнаў на захадзе Беларусі тое, што адбылося, называюць зімовай казкай. У Вялікай Бераставіцы сапраўды назіраўся толькі лёгкі снегапад.
На Магілёўшчыне, паводле відэа МНС, ратавальнікам даводзілася выцягваць са снегу аўтамабіль, падобны на «аўтазак».
Паводле аператыўных даных, падраздзяленні МНС выязджалі для аказання дапамогі ў буксіроўцы са снежных заносаў больш за 100 аўтамабіляў: хуткай дапамогі, аўтобусаў, легкавых і грузавых аўто.
Напрыклад, у Карэліцкім раёне каля вёскі Азёрскае ў снезе захрас турыстычны аўтобус, у салоне якога знаходзіліся 48 чалавек, шасцёра з якіх — дзеці. Ніхто не пацярпеў, пасля буксіроўкі рух па маршруце працягнуўся.
9 студзеня захоўваюцца складаныя пагодныя ўмовы: на большай частцы тэрыторыі краіны ўсё яшчэ будзе ісці моцны снег. У многіх раёнах завіруха, на дарогах снежныя заносы, узмацненне ветру з парывамі 15−20 м/с, уначы месцамі да 24 м/с.