ЗША перадалі Расіі ўзгоднены з Украінай мірны план
6- 9.01.2026, 14:18
- 7,886
Белы дом хоча атрымаць ад Крамля выразны адказ.
Белы дом хоча атрымаць ад Крамля выразны адказ на ўзгоднены з Кіевам мірны план, піша Axios.
Прадстаўнікі Дональда Трампа Стыў Уіткоф і Джарэд Кушнер у сераду сустрэліся ў Парыжы з пасланцам Пуціна Кірылам Дзмітрыевым і абмеркавалі з ім прапановы, адносна амаль усіх аспектаў якіх удалося дамовіцца з Украінай, як паведаміла выданню асоба, якая пра гэта ведае.
Пуцін дагэтуль не прадэманстраваў ніякай зацікаўленасці не толькі ў заключэнні мірнай дамоўленасці, але і ў сур'ёзным абмеркаванні ўмоваў спынення баявых дзеянняў. Ён працягвае наносіць масіраваныя ўдары па ўкраінскіх гарадах. У ноч на пятніцу ягоная армія, паводле інфармацыі Паветраных сіл ЗСУ, запусціла па Львоўскай вобласці балістычную ракету сярэдняй далёкасці з палігона Капустын Яр у Астраханскай вобласці, дзе базуюцца ракетныя комплексы «Арэшнік».
Французская газета Le Monde паведаміла ў сераду, што Дзмітрыеў быў заўважаны каля пасольства ЗША ў Парыжы. Уіткоф і Кушнер азнаёмілі яго з палажэннямі мірнага плана пасля таго, як напярэдадні цягам двух дзён вялі перамовы з прадстаўнікамі Украіны і Еўропы, уключаючы Уладзіміра Зяленскага і лідараў Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі, піша Axios.
Як паведаміў пасля гэтых перамоваў Зяленскі, ЗША праінфармавалі яго, што абмяркуюць з Расіяй узгодненыя прапановы. Апошні раунд амерыканска-ўкраінска-еўрапейскіх абмеркаванняў быў звязаны з разглядам двух асноўных спрэчных пытанняў. Яны датычацца гарантый бяспекі для Украіны і яе магчымых тэрытарыяльных уступак у Данбасе.
У якасці такіх гарантый з боку кааліцыі ахвотных Вялікабрытанія і Францыя падрыхтаваліся накіраваць у Украіну па 7500 вайскоўцаў для кантролю за выкананнем мірнай дамоўленасці, паведамляла The Times са спасылкай на дзвюх брытанскіх крыніц. Што да гарантый з боку ЗША, то ў заяве кааліцыі яны не былі прапісаныя. Зяленскі, аднак, заявіў у чацвер, што адпаведнае пагадненне паміж Украінай і ЗША «па сутнасці гатова да канчатковага зацвярджэння на найвышэйшым узроўні» з Трампам.