10 студзеня 2026, Субота, 7:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аятала Хаменеі магчыма пачаў вываз золата ў Расію

22
Аятала Хаменеі магчыма пачаў вываз золата ў Расію
Аятала Хаменеі

Масква рыхтуе эвакуацыю іранскага лідара разам з залатым запасам.

Расійскія ваенна-транспартныя самалёты пачалі здзяйсняць частыя рэйсы ў Тэгеран з пачатку масавых пратэстаў, якія распаўсюджваюцца па Іране і пагражаюць стратаю ўлады цяперашняму рэжыму. Расія можа аказваць яму ваенна-тэхнічную падтрымку і адначасова рыхтаваць эвакуацыю вярхоўнага лідара з найбліжэйшымі памочнікамі, уключна з вывазам золата. Аналагічным чынам яна дапамагла ўцячы з Сірыі дыктатару Башару Асаду крыху больш як год таму.

У перыяд з 27 снежня 2025 года па 1 студзеня 2026 года самалёты ІЛ-76ТД пад выглядам грамадзянскіх бортаў выконвалі рэгулярныя рэйсы з Мінеральных Вод у Тэгеран, пралятаючы над Каўказам і пазбягаючы паветранай прасторы, якая кантралюецца краінамі НАТА, піша спецыялізаванае выданне Air Cargo Week. Гэта не выпадковыя чартарныя перавозкі, а мэтавая дзейнасць, на што ўказвае паўторнае выкарыстанне адных і тых жа паветраных суднаў і тое, што аператары аддаюць відавочны прыярытэт хуткасці і надзейнасці перавозак над іх эканамічнай эфектыўнасцю, адзначае выданне: «Рашэнне ажыццяўляць шматлікія рэйсы замест аднаго кансалідаванага перамяшчэння грузаў адпавядае дактрыне ваеннай лагістыкі».

Пратэсты ў Іране ўспыхнулі 28 снежня і з тых часоў распаўсюдзіліся ва многіх гарадах. Непасрэднай прычынай стаў абвал курсу рыяла да рэкорднага мінімуму; акрамя таго, «насельніцтва перажывае гіганцкія — калі не невыносныя — праблемы з-за пагаршэння эканамічнай сітуацыі і крызісаў у забеспячэнні вадой, электраэнергіяй і газам», адзначае ўсходазнавец Міхаіл Круціхін. Хоць масавыя выступленні з-за пагаршэння ўмоў жыцця здараліся ў Іране ўжо не раз, цяпер рэжым аслаблены пасля паразы ў 12-дзённай чэрвеньскай вайне з Ізраілем, дадае Круціхін. На гэтым фоне з’явіліся паведамленні пра падрыхтоўку ўцёкаў вярхоўнага лідара Ірана, аяталы Алі Хаменеі, у Маскву і вываз ім золата.

Дэпутат брытанскага парламента Том Тугендхат паведаміў у чацвер, што паступаюць паведамленні пра прызямленне расійскіх грузавых самалётаў у Тэгеране і вываз з краіны вялікай колькасці золата. «Мы таксама назіраем прыбыццё ў Тэгеран расійскіх грузавых самалётаў, меркавана са зброяй і боепрыпасамі, і чуем паведамленні пра вываз з Ірана вялікай колькасці золата», — цытуе яго апазіцыйнае выданне Iran International, якое працуе ў Вялікабрытаніі.

Тугендхат папрасіў урада Вялікабрытаніі пракаментаваць гэтую інфармацыю, якая, паводле яго слоў, можа сведчыць пра падрыхтоўку «да жыцця пасля падзення» ісламскага рэжыму ў Іране. Намеснік міністра замежных спраў Хэміш Фэлконер, які адказвае за Блізкі Усход і Паўночную Афрыку, заявіў, што «не гатовы даць падрабязную інфармацыю» з гэтай нагоды.

Некалькі дзён таму The Times са спасылкай на дадзеныя разведкі паведаміла, што Алі Хаменеі распрацаваў план эвакуацыі на выпадак, калі ўладам не ўдасца падавіць масавыя пратэсты. Мяркуецца, што за ім пойдуць 20 чалавек з найбліжэйшага асяроддзя, уключаючы памочнікаў і членаў сям’і. Экс-супрацоўнік ізраільскай разведкі Бені Сабці сказаў газеце, што ўцякаць Хаменеі збіраецца ў Маскву.

З грузам золата ў Маскву ўцякаў і Башар Асад, якога Пуцін не змог абараніць напрыканцы 2024 года ад выступлення ўзброенай апазіцыі.

Лічыцца, што шах Мухамад Рэза Пехлеві таксама вывез шмат золата, калі ўцякаў з Ірана ў студзені 1979 года падчас Ісламскай рэвалюцыі. Ён нагрузіў у свой «Боінг» столькі каштоўнага металу, што той ледзь узляцеў, кажа супрацоўнік ЦРУ ў фільме «Аперацыя “Арга”», прысвечаным вывазу з рэвалюцыйнага Ірана супрацоўнікаў амерыканскай амбасады.

Па інфармацыі Air Cargo Week, рэйсы самалётаў ІЛ-76ТД у Тэгеран з канца снежня арганізуюць грузавыя транспартныя кампаніі — расійская «Авіакон Цітатранс» і беларуская Rubystar Airways: «Абодвіе авіякампаніі маюць доўгую гісторыю выканання дзяржаўных і абаронных задач у Еўразіі, Афрыцы і на Блізкім Усходзе».

Выкарыстанне грамадзянскіх перавозчыкаў забяспечвае гнуткасць і дазваляе не прыцягваць увагу, як у выпадку з палётамі ваенных самалётаў, адзначае выданне. ІЛ-76ТД, распрацаваны для транспартавання ваенных грузаў, здольны дастаўляць «негабарытныя грузы на аэрадромы з абмежаванай наземнай інфраструктурай, што забяспечвае хуткую апрацоўку такіх грузаў і іх неадкладнае далейшае размеркаванне».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках