Пасля арышту Мадура Лукашэнка застаўся без сябра і без грошай
6- 9.01.2026, 22:10
- 16,268
Венесуэла так і не вярнула Мінску даўгі на сотні мільёнаў долараў.
Пакуль некаторыя ўсё яшчэ святкавалі Новы год, беларускія ўлады пазбавіліся вялікага сябра, амаль стратэгічнага саюзніка і важнага гандлёва-эканамічнага партнёра. Аперацыя па арышце прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура, праведзеная амерыканскімі вайскоўцамі, доўжылася ў суме пяць гадзін.
Пра тое, што звязвала Аляксандра Лукашэнку з Мадура, — у новым выпуску паведамляе праграма «Аптымум» на YouTube-канале «Беларусы і рынак».
Ужо ў панядзелак, 5 студзеня, Мадура і ягоная жонка Сілія Фларэс прадсталі перад судом Нью-Ёрка, які афіцыйна выставіў ім абвінавачанні ў кантрабандзе наркотыкаў у ЗША і стварэнні наркатэрарыстычнай арганізацыі.
Пераемніца Мадура, віцэ-прэзідэнт Венесуэлы Дэльсі Радрыгес, адразу сказала, што так з прэзідэнтамі абыходзіцца нельга, і запатрабавала зрабіць усё як раней. То бок вярнуць Мадура разам з жонкай назад.
Тады Дональд Трамп 4 студзеня намякнуў у адказ, што аперацыю ў Венесуэле пры выпадку можна будзе і паўтарыць. Ну як намякнуў? Не асабліва саромеючыся ў выразах.
«Калі яна (Радрыгес) не паступіць правільна, ёй давядзецца заплаціць вельмі высокую цану, магчыма, нават большую, чым Мадура», — напісаў Трамп.
Радрыгес намёк зразумела правільна і заявіла, што пра канструктыўнае супрацоўніцтва з ЗША яна марыла ўсё жыццё і што нічога дрэннага не мела на ўвазе.
«Мы запрашаем урад ЗША да сумеснай працы над праграмай супрацоўніцтва», — сказала Радрыгес 4 студзеня.
То бок у Венесуэлы цяпер будуць іншыя сябры і новыя стратэгічныя партнёры. Нядзіўна, што беларускія ўлады крыху засмуціліся. Страціць сяброў заўсёды сумна.
Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант ужо ў дзень правядзення аперацыі сказала, што Лукашэнка катэгарычна асуджае дзеянні ЗША. Прычым не проста катэгарычна асуджае, а катэгарычна асуджае капслокам.
«Сёння атакаваная Венесуэла. Падступна і брыдка. Агідна і зласліва», — сказаў у сваёй праграме глашатай Лукашэнкі Рыгор Азаронок.
Вось гэта шчырае абурэнне дзяржаўных медыя выклікае асаблівую павагу, улічваючы, што адносіны Беларусі і Венесуэлы апошнія шмат гадоў былі чыста платанічнымі. У сэнсе цалкам бескарыслівымі. Не заснаванымі на такіх нізінных рэчах, як, скажам, матэрыяльная выгода.
З другой паловы дзесятых гадоў аб’ёмы ўзаемнага гандлю складалі 1–2 мільёны долараў. У ліпені мінулага года прэм’ер Раман Галоўчанка здзейсніў вялікае турнэ па краінах Лацінскай Амерыкі, у тым ліку наведаў Венесуэлу. Узаемнаму гандлю гэта яксьці не дапамагло. Ён як быў на ўзроўні пары мільёнаў долараў, так на ім і застаўся.
І можа нават слава богу, што ён там застаўся. Бо за пастаўкі беларускіх тавараў у Венесуэлу плацілі сваімі крэдытамі беларускія банкі. І менавіта паводле такой схемы ўзаемны гандаль працаваў у дзесятыя гады. Працаваў выдатна, калі не лічыць аднаго малюсенькага недахопу. Крэдыты беларускім банкам ніхто не вяртаў.
У выніку да 2017 года Венесуэла завінавацілася за пастаўкі беларускай тэхнікі 220 мільёнаў долараў. Яшчэ 100 мільёнаў гэта краіна вінная беларускім будаўнікам. А ёсць жа яшчэ прадпрыемствы, якія стваралі ў Венесуэле беларускія заводы. Напрыклад, філіял Мінскага трактарнага завода. У агульнай складанасці ў гэтыя прадпрыемствы было ўкладзена 50 мільёнаў. І гэта быў такі чамадан без ручкі, які кінуць шкада, а карысці ад яго, апроч шкоды, ніякай не было.
Ну і трэба думаць, што калі ўжо Мадура не аддаваў гэтыя даўгі на 370 мільёнаў долараў, дык ніякі іншы ўрад іх дакладна не верне.
Але з другога боку, беларускія ўлады таксама да канца не разлічыліся за пастаўкі Чавесам венесуэльскай нафты ў 2010–2012 гадах. А там ішлося пра доўг у паўтара мільярда. Дык што, урэшце, можа яно ўсё і да лепшага.
Але сяброў страчваць усё адно крыўдна. Тым больш што апошнім часам беларускія ўлады страчваюць іх рэгулярна. У снежні 2024 года страцілі старога сябра, сірыйскага экс-прэзідэнта Башара Асада. У лістападзе мінулага года быў зрынуты новы сябар, прэзідэнт Гвінеі-Бісау Умару Сісоку Эмбалу. Цяпер вось Нікалас Мадура. Дык што, самы час спытаць: Хто наступны?