У PandaDoc новы генеральны дырэктар
- 9.01.2026, 23:07
- 2,462
Беларуская кампанія рыхтуе буйныя абнаўленні з акцэнтам на штучны інтэлект і аўтаматызацыю.
Кампанія PandaDoc абвясціла, што сузаснавальнік і генеральны дырэктар стартапа Нікіта Мікадо перайшоў на пасаду дырэктара па прадукце. Цяпер ён будзе займацца прадуктавай стратэгіяй і «дарожнымі мапамі», але застанецца ў радзе дырэктараў, пра гэта піша Devby.
Сам Мікадо патлумачыў перастаноўку тым, што стартап расце. Ён кажа, што ў новай ролі прынясе больш карысці і зможа вывесці прадукт на новы ўзровень.
Пасаду генеральнага дырэктара (CEO) кампаніі цяпер заняў Кіт Рабкін. Ён прыйшоў у PandaDoc больш за 3 гады таму як дырэктар па даходах, а пазней стаў прэзідэнтам. Па словах Нікіты Мікадо, Рабкін разумее кліентаў, бізнес і культуру стартапа і адыграў ключавую ролю ў яго фармаванні. У новай ролі Рабкін будзе адказваць за функцыянаванне кампаніі, рост і доўгатэрміновую стратэгію.
Сузаснавальнік Сяргей Барысюк застаецца тэхнічным дырэктарам PandaDoc.
У 2026 годзе кампанія рыхтуе буйныя абнаўленні прадукту з акцэнтам на аўтаматызацыю, штучны інтэлект і працу з дакументамі для бізнесу, што расце.