На Беларусь рухаюцца адразу два цыклоны
11- 15.02.2026, 23:11
- 17,832
Чакаюцца моцны снег, завірухі і маразы ніжэй за −29°С.
На пачатку найбліжэйшага тыдня ўладу над Беларуссю возьмуць цыклон Вівіяна і антыцыклон Фелікс. Беларусаў чакае сапраўдная зімовая непагадзь: маразы да -29°С, моцны снег і парывісты вецер. Белгідрамет на найбліжэйшую ноч, 16 лютага, абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі.
Моцны снег і завіруха ад Вівіяны
Аранжавы ўзровень небяспекі датычыцца Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Там уначы ў панядзелак пойдзе моцны снег, закруціць завіруха, на дарогах вадзіцелям перашкодзяць снежныя заносы. Ападкі якраз прынясе актыўны паўднёвы цыклон Вівіяна.
У Telegram-канале «Метеовайб» спрагназавалі, што на Гомельшчыне і на паўднёва-ўсходзе Магілёўскай вобласці вышыня снежнага покрыва можа адразу павялічыцца на 10–15 см.
Вівіяна ў краіне не затрымаецца: удзень сыдзе на Еўрапейскую тэрыторыю Расіі (ЕТР). Па паўднёва-ўсходзе паўночны вецер можа ўзмацніцца да парывістага, да 15 м/с. Увогуле, жыхарам Гомельскай і Магілёўскай абласцей 16 лютага дакладна не пазайздросціш.
Да -27°С ад Фелікса
Пакуль Вівіяна будзе «ўладарыць» у гэтых дзвюх абласцях, уладу над паўночным захадам возьме скандынаўскі антыцыклон Фелікс. Уначы 16 лютага, паводле прагнозу Белгідрамета, на паўночным захадзе ўдарыць мароз -18..-24°С, месцамі магчымыя нават -25..-27°С.
У цэлым па краіне холад будзе не такі суровы (-10..-17°С). Удзень у панядзелак яшчэ мякчэй – -6..-12°С. Малавоблачнае надвор'е з паўночнага захаду распаўсюдзіцца на цэнтр.

У Мінску, як паведамілі ў «Метеовайбе», уначы будзе -15..-17°С, удзень – -7..-9°С і без ападкаў.
Найбольш марозная ноч тыдня
Сіноптыкі «Метеовайба» паведамілі, што ноч аўторка, 17 лютага, стане самай марознай на тыдні. Гэта ўплыў антыцыклона Фелікса — яго грэбень узмоцніць сваё дзеянне.

Так, у гэтую ноч слупок тэрмометра пакажа -18..-24°C, месцамі на поўначы — да -25..-28°C. У Мінску будзе крыху «цяплей» (-20..-22°С), а на паўднёва-захадзе, як звычайна, тэмпература яшчэ вышэйшая – -12..-17°С, распавялі ў «Метеовайбе».

Тым часам Белгідрамет дае больш суровы прагноз начных маразаў: да -29°С на поўначы краіны 17 лютага. Удзень у аўторак чакаем -6..-13°С.
Затое ўжо без завірух і моцнага снегу: толькі ўдзень месцамі на захадзе краіны пройдзе невялікі кароткачасовы снег, паведамілі сіноптыкі. Там жа падзьме парывісты вецер.