Маўчанне цялят
6- 29.03.2026, 15:34
- 4,044
Як Гомельшчына няўхільна страчвае статак.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы на канец лютага 2026 года склала 3865925 галоў — на 3,7% менш, чым было годам раней (4013038), вынікае з аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, піша «Салідарнасць».
Пазітыўная дынаміка адзначана толькі ў Гродзенскай вобласці — 678927 (678675; +0,04%). У астатніх зафіксаваная адмоўная: у Віцебскай — 434715 (491988; -11,6%), Магілёўскай — 453503 (482288; -6%), Гомельскай — 554421 (589279; -5,9%), Мінскай — 892829 (909405; -1,8%), Брэсцкай — 851530 (861403; -1,1%).
Гомельскае выданне «Флагшток» падрабязна вывучыла становішча спраў у жывёлагадоўлі рэгіёна за апошнія некалькі гадоў. І тое, як скарачаецца статак, і як на гэта рэагуюць улады і дзяржаўная прэса.
У публікацыі падкрэсліваецца, што прычынай зірнуць на радзеючы статак гомельскіх кароў стала сітуацыя ў Расіі:
У сярэдзіне сакавіка ветэрынарны каранцін быў абвешчаны ў Чувашыі — усяго за 1500 км ад Беларусі. У Расіі масава знішчаюць жывёлу, пакуль улады абвяргаюць версію пра яшчур і афіцыйна працягваюць казаць пра спалучэнне некалькіх захворванняў. Тым часам адлегласць ад Чувашыі да Новасібірскай вобласці, дзе ўпершыню ўвялі каранцін, — 2500 км, што прыкметна больш, чым да Беларусі.
Для Гомельскай вобласці гэты сюжэт важны таму, што ўлада гадамі не можа выправіць хранічныя праблемы — скарачэнне статку, залежнасць ад ручнога кантролю. І пытанне, што адбудзецца пры вострай эпізаатычнай пагрозе, ужо не выглядае пустым. Тым больш што звычка не прамаўляць праблему да крызісу ў беларускай кіраўніцкай сістэме даўно стала асобным фактарам рызыкі, піша «Флагшток».
Прапануем артыкул цалкам, тым больш што, па ўсім відаць, гэтая праблема актуальная для ўсёй краіны.
Гісторыя апошніх гадоў
За апошнія два гады жывёлагадоўля Гомельскай вобласці ўжо страціла прыкметную частку статку. У такой дынаміцы важная не толькі глыбіня страт, але і іх паслядоўнасць. 2024 год ужо быў дрэнным (-2%), 2025 год аказаўся амаль у два разы горшы (-5% статку).
На 1 студзеня 2024 года ў вобласці налічвалася 607,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. За 2024 год іх стала менш на 12702, за 2025 год — яшчэ на 29463. У суме за два гады вобласць страціла 42165 галоў буйной рагатай жывёлы.
Па каровах карціна не мякчэйшая: на пачатку 2024 года іх было 208,8 тыс., за 2024 год скарачэнне склала –2,9%, за 2025 год — яшчэ –5,4%. На 1 студзеня 2026 года ў вобласці засталося 191,7 тыс. кароў.
Найбольш цяжкая сітуацыя па выніках 2025 года склалася ў Калінкавіцкім, Брагінскім, Добрушскім і Гомельскім раёнах. Па агульным статку ў Калінкавіцкім раёне страчана амаль кожная шостая галава (–16,2%), у Брагінскім — кожная восьмая (–12,0%).
Па каровах асабліва цяжкай аказалася сітуацыя ў Гомельскім, Петрыкаўскім і Калінкавіцкім раёнах — страты перавысілі –10%.
У дакладзе Foreign Agricultural Service Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША паведамляецца, што маштаб мер у Сібіры можа сведчыць пра непацверджаную ўспышку яшчуру.