Z-прапагандыст: Расія на парозе новага лютага 1917-га года
8- 29.03.2026, 16:22
- 11,308
РФ чакае чарада масавых забастовак і бунтаў.
Эканамічны крызіс, няўдачы на фронце і геапалітычныя правалы складаюцца для РФ у «ідэальны шторм». РФ апынулася на парозе падзей, якія паўтараюць люты 1917-га года, калі спыніла сваё існаванне Расійская імперыя.
Пра гэта ў сваім блогу 29 сакавіка напісаў папулярны расійскі Z-блогер, «раззлаваны патрыёт» Максім Калашнікаў, адзначае «Дыялог».
Ён канстатаваў, што ў Расіі «наспявае нешта нядобрае».
«Акулы сыравіннага бізнесу ў жаху ад таго, што ўлада заклікала іх рабіць добраахвотныя ўнёскі на СВА ў той час, як іх галіны падаюць… Сродкі паглынае вайна… То бок вышэйшая сацыяльная база ўлады знікае. Нізавая стамілася ад вайны і раз'юшаная абмежаваннямі ТГ (мэсэнджара Telegram — рэд.) і інтэрнэту», — напісаў Калашнікаў.
Адзначыў ён таксама геапалітычны правал Крамля — верагодную паразу ў Венгрыі саюзніка Віктара Орбана. Яго перадвыбарчыя рэйтынгі сыплюцца.
На фронце, адзначыў Калашнікаў, у Расіі таксама ўсё дрэнна. Мірныя перамовы пры пасярэдніцтве ЗША буксуюць, ніякіх перспектыў зламаць сітуацыю на полі бою не праглядаецца. Новая хваля мабілізацыі ўжо не дапаможа, упэўнены Z-патрыёт.
«Мы на парозе драматычных падзей», — напісаў Калашнікаў.
Ён чакае масавых забастовак на прадпрыемствах металургіі і вуглездабычы, якія праз крызіс у плачэўным становішчы. Пратэсты могуць хутка перарасці ў смуту, у выніку чаго РФ спыніць сваё існаванне ў яе цяперашнім выглядзе, як у 1917-м рухнула Расійская імперыя.