У Літву з Беларусі вярнуліся 272 грузавікі
1- 29.03.2026, 17:46
- 3,398
Большасць вадзіцеляў — беларусы.
272 раней затрыманыя грузавыя аўтамабілі вярнуліся з Беларусі ў Літву, паведамляе LRT са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва BNS.
Паводле слоў прадстаўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы (СОГГ) Гедрюса Мішуціса, праз пункт пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) вярнуліся 163 фуры, праз Шальчынінкай (Беняконі) — 109.
Мішуціс паведаміў, што большасць кіроўцаў грузавікоў, якія вяртаюцца ў Літву, — грамадзяне Беларусі, якія маюць літоўскі від на жыхарства. Такіх 238 чалавек, грамадзян Літвы сярод кіроўцаў — 27.
23 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка «прыняў рашэнне аб магчымасці выезду грузавых транспартных сродкаў з літоўскай рэгістрацыяй».
«У цяперашні час на спецыяльна абсталяваных пляцоўках размешчана больш за 1,9 тыс. транспартных сродкаў, у тым ліку цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў. На працягу ўсяго перыяду забяспечвалася іх поўная захаванасць», — адзначалася ў рэлізе.
Транспартныя сродкі змогуць пакідаць тэрыторыю Беларусі праз літоўскі напрамак «у адпаведнасці з заканадаўствам». Літоўскія фуры, фактычна прыналежныя польскім перавозчыкам, змогуць выязджаць «у тым ліку і праз польскі напрамак, дзе сумежны бок працуе больш актыўна».
Як паведамлялася, ведамства накіравала літоўскай мытнай службе адпаведную прапанову па павелічэнні прапуску грузавікоў.
Пра «значнае зніжэнне» тарыфаў за стаянку фур з літоўскай рэгістрацыяй паведаміла прэс-служба ўрада.
Пачатак вяртання фур 23 сакавіка Лукашэнка абвясціў трыма днямі раней.