Іранскі сігнал для Лукашэнкі
21- Валерый Карбалевіч
- 3.03.2026, 12:05
- 20,138
Кіраўнік заўсёды вельмі балюча ставіцца да любой інфармацыі пра трагічны лёс дыктатараў.
Бо прымярае сітуацыю на сябе. Аднак цяпер рэакцыя афіцыйнага Мінска на падзеі вакол Ірана даволі асцярожная і стрыманая. Паколькі кіраўніцтва Беларусі не зацікаўлена ўступаць у канфлікт з ЗША ва ўмовах перагаворнага працэсу.
Атака Ізраіля і ЗША на Іран, знішчэнне палітычнага і ваеннага кіраўніцтва гэтай краіны сведчаць пра тое, што адміністрацыя Дональда Трампа перабудоўвае свет у адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі.
І адным з накірункаў гэтай перабудовы, падаецца, з'яўляецца дэмантаж дыктатарскіх рэжымаў у свеце. Прычым мэта палягае не столькі ў дэмакратызацыі аўтакратычных краін, колькі ў змяненні палітыкі гэтых дзяржаў праз звяржэнне дыктатараў.
Спачатку амерыканцы захапілі кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадуру, прымушаючы новае кіраўніцтва краіны мяняць палітычны курс у адпаведнасці з інтарэсамі ЗША. Цяпер у выніку атакі знішчана кіраўніцтва Ірана на чале з аяталай Алі Хаменеі.
На гэтым фоне можна ўявіць, у якім псіхалагічным стане знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Падчас яго сустрэчы з дзяржаўным сакратаром так званай «саюзнай дзяржавы» Сяргеем Глазёвым 16 лютага ён спрабаваў растлумачыць, чаму не паляцеў у ЗША па запрашэнні Дональда Трампа для ўдзелу ў пасяджэнні Рады міру. Маўляў, у незалежных медыя пішуць, нібыта ён спалохаўся паўтарыць лёс Нікаласа Мадуры.
«Я нікога не баяўся і баяцца не збіраюся. Гэта поўная дурнота», — заявіў тады Лукашэнка.
Даўно вядомы элемент палітычнага стылю нязменнага кіраўніка Беларусі — зацвярджэнне ў форме адмаўлення. То бок, калі ён нешта настойліва абвяргае, сітуацыю якраз варта разумець наадварот.
Звяртае на сябе ўвагу дзіўная, да канца нерастлумачаная сімпатыя Лукашэнкі да дыктатараў усіх часоў і народаў. Зразумела, сваю ролю адыгрываюць падобныя ўяўленні пра дзяржаўны лад, формы і метады кіравання, дапушчальныя сродкі дасягнення мэтаў. Але, відаць, не толькі гэта. Ёсць і пэўная містычная, нават фатальная сувязь, якую здольныя растлумачыць толькі сацыяльныя псіхолагі. Беларускі лідар не можа схаваць свайго захаплення дыктатарамі, часцяком на шкоду ўласнай рэпутацыі. Магчыма, гэта і называецца роднасцю душ або цягаю да людзей з падобнымі псіхалагічнымі асаблівасцямі.
Таму зразумела, што Лукашэнка заўсёды надзвычай балюча рэагуе на любую інфармацыю пра трагічны лёс дыктатараў. Бо прымярае сітуацыю на сябе. У ягоным уяўленні любая ўлада — рэч сакральная, а замах на яе — блюзнерства. Таму Лукашэнка звычайна ярасна абараняе ўсіх дыктатараў — дзейных і звергнутых. Сваім часам ён спецыяльна лётаў у Югаславію, каб падтрымаць тамтэйшага аўтакрата Слабадана Мілошавіча. Прапанаваў палітычны прытулак таму ж Мілошавічу, іракскаму дыктатару Садаму Хусейну, зрынутаму прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу, Нікаласу Мадуру. А былога кіраўніка Кыргызстана Курманбека Бакіева прытуліў у Беларусі, прадаставіўшы яму беларускае грамадзянства.
Пасля забойства дыктатара Лівіі Муамара Кадафі ў 2011 годзе Лукашэнка раптам пачаў фармаваць тэрытарыяльную абарону, якая павінна была абараніць яго ад народнага паўстання. Пасля захопу ў гэтым годзе амерыканцамі Мадуры Лукашэнка заняўся праверкай гатоўнасці вайсковых падраздзяленняў, арганізацыяй вайсковых збораў грамадзянскіх рэзервістаў.
Наўрад ці ўсё гэта забяспечыць выратаванне ў крытычнай сітуацыі. Хутчэй гэтыя дзеянні нагадваюць спосаб псіхалагічнай саматэрапіі. Маўляў, трэба ж нешта рабіць, нельга сядзець склаўшы рукі.
Аднак цяпер рэакцыя афіцыйнага Мінска на падзеі вакол Ірана даволі асцярожная і стрыманая. Гэта тлумачыцца лагікай: не варта сварыцца з Дональдам Трампам, які напярэдадні даволі кампліментарна выказаўся пра беларускага лідара: «Я вельмі паважаю іх лідара… Мне вельмі падабаецца іх лідар».
Афіцыйная рэакцыя беларускіх уладаў адрозніваецца ад пазіцыі Расіі. Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраіля і ЗША супраць Ірана.
МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала абстрактная занепакоенасць абвастрэннем канфлікту вакол Ірана. У другой утрымліваецца асуджэнне атакі на Іран, але Ізраіль і ЗША не названыя агрэсарамі, акцэнт зроблены на гуманітарным аспекце.
Такая асцярожнасць абумоўленая не толькі тым, што Мінск цяпер не зацікаўлены канфліктаваць з ЗША, з якімі ідзе перагаворны працэс, а Лукашэнка пазіцыянуе сябе ледзь не трампістам.
Ёсць яшчэ адзін аспект, на які цяпер мала звяртаюць увагу. Якія прэтэнзіі і патрабаванні ЗША да Ірана? Вашынгтон патрабуе ад Тэгерана дэмантажу праграмы распрацоўкі ядзернай зброі і ракет дальняга дзеяння. А Беларусь якраз размяшчае (ці плануе размясціць) на сваёй тэрыторыі расійскую ядзерную зброю і ракетны комплекс «Арэшнік». Менавіта на размяшчэнні апошняга апошнім часам акцэнтуе ўвагу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, апелюючы да Еўропы і ЗША. Аналогія з іранскай сітуацыяй даволі празрыстая.
А Расія цяпер, аслабленая вайной з Украінай, лёгка «здае» сваіх саюзнікаў: Сірыю, Венесуэлу, Іран. Гучаць прагнозы магчымога хуткага падзення дыктатарскага рэжыму на Кубе.
Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»