Зяленскі жорстка адказаў кіраўніку Rheinmetall
9- 30.03.2026, 13:44
- 14,656
Армін Паппергер заявіў, што ўкраінскі абаронна-прамысловы комплекс — гэта «хатнія гаспадыні з 3D-прынтарамі».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць словы кіраўніка нямецкага абароннага канцэрна Rheinmetall дзіўнымі, бо ён параўнаў украінскія дроны з «гульнёй у Lego», створанай «хатнімі гаспадынямі пры дапамозе 3D-прынтараў».
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта прэзідэнт заявіў у панядзелак, адказваючы анлайн на пытанні журналістаў.
У інтэрв’ю The Atlantic Армін Паппергер адзначыў, што ва ўкраінскіх дронах няма інавацый і параўнаў іх вытворчасць з гульнёй у канструктар Lego. Кажучы пра ўкраінскія абаронныя кампаніі Fire Point і Skyfall, ён назваў іх «хатнімі гаспадынямі з 3D-прынтарамі».
Прэзідэнт адзначыў, што такая заява «дзіўна гучыць».
«Калі кожная хатняя гаспадыня Украіны сапраўды можа вырабляць дроны, тады кожная хатняя гаспадыня Украіны можа быць гендырэктарам Rheinmetall. І я віншую з гэтым узроўнем, высокім узроўнем, наш украінскі абаронна-прамысловы комплекс», — іранічна адрэагаваў ён.
Зяленскі дадаў, што сёння канкурэнцыя павінна будавацца не на рыторыцы, а на тэхналогіях і выніках.
«І вынік гэтых тэхналогій мы штодзённа дэманструем — і на полі бою, на зямлі, і ў небе, і на моры. Я ўпэўнены, што наш АПК займе і ўжо займае сваё месца ў свеце. Што да некаторых нашых сістэм і сістэмнага падыходу, я лічу, што мы эксклюзіўныя. Толькі ў нас ёсць адпаведны досвед», — адзначыў прэзідэнт.