У сям'і Медведчука знайшлі раскошную сядзібу на Рублёўцы
3- 1,502
Дом плошчай больш за 2 тысячы квадратных метраў называлі самым дарагім для арэнды ў Маскоўскай вобласці.
Сям'я ўкраінскага палітыка Віктара Медведчука валодае элітным маёнткам на Рублёўцы пад Масквой. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні Слідство.Інфо.
Паводле даных журналістаў, нерухомасць аформлена на расійскую кампанію «Алмирида Инвестментс», якая з лютага 2026 года належыць АО «Ренессанс». Уладальніцай гэтай структуры з'яўляецца Аксана Марчэнка — жонка Медведчука.

Генеральнай дырэктаркай кампаніі з'яўляецца 21-гадовая Дар'я Марчэнка, якая раней атрымала расійскі пашпарт і змяніла прозвішча. Яна таксама вядомая як хросніца кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна.

Маёнтак размешчаны на чатырох участках агульнай плошчай больш за 60 сотак. Плошча самога дома — 2217 квадратных метраў, што супастаўна з сямейнай рэзідэнцыяй Медведчукоў у Пушчы-Водыцы пад Кіевам.
Паводле інфармацыі Слідство.Інфо, сям'я фактычна не жыве ў доме — яго здаюць у арэнду. Кошт дасягае каля 120 тысяч долараў у месяц.

Унутры — шыкоўная інфраструктура: некалькі спален з санвузламі, бібліятэка, хатні кінатэатр, SPA-зона, басейн, трэнажорная зала, сауны і хамам. Таксама ў доме ёсць ліфт і схаваная сістэма відэаназірання. На тэрыторыі ўладкаваны гараж і паркінг на 10 аўтамабіляў.
Журналісты адзначаюць, што яшчэ ў 2025 годзе гэты аб'ект называлі самым дарагім для арэнды ў Маскоўскай вобласці.