Рэйтынг Пуціна ўпаў рэкордна за сем гадоў
13- 4.04.2026, 6:00
- 8,872
Пасля блакіровак Telegram і VPN.
На фоне блакіровак Telegram і VPN у РФ частка расіян, якія заяўляюць пра давер да Пуціна, за тыдзень скарацілася адразу на 5 працэнтных пунктаў — з 76 да 71%. Пра гэта сведчаць даныя апытання фонду «Грамадская думка» (ФОМ), праведзенага 27–29 сакавіка.
Як адзначае The Moscow Times са спасылкай на «Коммерсантъ», настолькі рэзкага падзення фонд не фіксаваў як мінімум з 2019 года.
Адначасова ўзрасла частка тых, хто адказвае «хутчэй не давяраю», — з 13 да 17%.
Таксама знізіліся станоўчыя ацэнкі дзейнасці Пуціна, урада і прэм'ер-міністра Міхаіла Мішусціна — усе прыкладна на 2 працэнтныя пункты.
Падзенне рэйтынгаў адбываецца на фоне маштабных абмежаванняў інтэрнэту і блакіроўкі мэсэнджара Telegram. Раскамнагляд пачаў абмяжоўваць яго працу летам 2025 года, а да вясны 2026-га, паводле даных праекта OONI, узровень блакіроўкі дасягнуў 80%. Кіраўнік «Расцелекома» Міхаіл Асееўскі паведамляў пра падзенне трафіку Telegram у сетцы T2 у дзесяць разоў.
Паралельна з гэтым з мая 2025 года ў Расіі адбываюцца адключэнні інтэрнэту. Паводле даных праекта «На связи», улады рэгулярна ўладкоўваюць шатдаўны ў 62 рэгіёнах, а «белыя спісы» дазволеных сайтаў ужо ўкаранёныя ў 72 суб'ектах. У 2025 годзе краіна стала сусветным лідарам па маштабах адключэнняў, якія закранулі 146 млн чалавек, падлічылі ў Top10VPN. Эксперты RKS Global прагназуюць поўны пераход Расіі на ізаляваны інтэрнэт да 2028 года.
Адначасова Мінцыфры прыступіла да рэалізацыі мер, накіраваных на абмежаванне выкарыстання сродкаў абыходу блакіровак. Сярод такіх мер — забарона для мабільных аператараў на папаўненне балансу Apple ID з рахунку тэлефона. Гэты крок прызваны ўскладніць аплату VPN-сэрвісаў. Акрамя таго, аператарам парэкамендавалі ўвесці штомесячны ліміт бясплатнага трафіку пры выкарыстанні VPN у памеры 15 гігабайтаў. Паводле звестак крыніц Forbes, ініцыятыва па абмежаванні сэрвісаў абыходу блакіровак зыходзіць асабіста ад Пуціна, які даў адпаведнае «закрытае даручэнне».