МУС забараняе распіванне піва ў грамадскіх месцах
5- 9.10.2007, 12:38
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі лічыць неабходным усталяваць адміністрацыйную адказнасць за распіванне піва і слабаалкагольных напояў на вуліцы і ў іншых непрыстасаваных месцах.
"Мы ўнеслі ў Савет міністраў праект дакумента аб усталяванні адміністрацыйнай адказнасці за распіванне піва і слабаалкагольных напояў у непрыстасаваных для гэтага месцах", – заявіў у аўторак «Інтэрфаксу» начальнік упраўлення аховы правапарадку МУС Беларусі Аляксандр Барсукоў.
Праектам дакумента прапаноўваецца ўсталяваць адміністрацыйную адказнасць за дадзенае правапарушэнне ў выглядзе адміністрацыйнага штрафу ў памеры да 10 базавых велічынь (1 базавая велічыня – Br31 тысяча).