13 снежня 2025, Субота, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Лябедзька: «Будаўніцтва АЭС пры такім палітычным рэжыме немагчымае»

Падчас канферэнцыі Паўночнага Савета, якая 8-9 кастрычніка праходзіла ў Вільні, было абмеркаванае пытанне будаўніцтва АЭС у Беларусі. З беларускага боку ў ёй бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч, Мечыслаў Грыб, Аляксей Янукевіч. Афіцыйную пазіцыю прадстаўляў кіраўнік чарнобыльскай камісіі «палаты прадстаўнікоў» Міхаіл Паплаўскі. Ён паведаміў, што прадстаўляе пазіцыю Акадэміі навук, урада і парламента.

Міхаіл Паплаўскі заявіў, што пытанне будаўніцтва АЭС не з'яўляецца дыскусійным, і шырокай грамадскасці абмяркоўваць яго няма сэнсу. «Я не бачу праблемы, бо гэтае рашэнне прынятае ўрадам. Ёсць такія пытанні, якія не трэба абмяркоўваць – адкуль браць паліва, хто будуе. Гэта павінны вырашаць спецыялісты», – заявіў прадстаўнік улады.

«У «палаце прадстаўнікоў» сядзяць людзі, якія лічаць, што нашы грамадзяне ўвогуле ні на што не прыдатныя, – адзначыў кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. – Ва ўрадзе прынялі рашэнне, што трэба будаваць атамную станцыю. Ужо прызначаная дата яе ўвядзення, хоць яшчэ няма ні пляцоўкі пад будаўніцтва, не вырашанае, хто будзе будаваць, куды вывозіць адыходы».

У сённяшніх умовах, лічыць лідэр АГП, будаваць атамную станцыю нельга. Паводле яго слоў, пытанне аб будаўніцтве АЭС патрабуе грамадскай дыскусіі і максімальнай інфарматызацыі людзям, каб яны зрабілі ўсвядомлены выбар, а таксама прыцягнення незалежных экспертаў.

«Калі няма свабоднай інфармацыі, незалежнай прэсы, суду, парламента, будаўніцтва атамнай станцыі пры такім палітычным рэжыме немагчыма», – падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, што Паўночны Савет – гэта арганізацыя, у якую ўваходзяць прадстаўнікі краін Паўночнай Еўропы. У віленскай канферэнцыі, на якой абмяркоўваліся экалагічныя і энергетычныя праблемы, удзельнічалі дэпутаты з Фінляндыі, Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Эстоніі, а таксама палітыкі, якія маюць досвед працы ва ўрадзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках