9 траўня 2024, Чацвер, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Завадская: Ніякая ўлада не бывае вечнай

14
Святлана Завадская: Ніякая ўлада не бывае вечнай

Удава выкрадзенага журналіста спадзяецца, што калі ў Беларусі нешта зменіцца, справы зніклых будуць раскрытыя.

Святлана Завадская, удава выкрадзенага 12 гадоў таму журналіста Зміцера Завадскага, распавяла сайту charter97.org, што з кожным годам ёй становіцца ўсё цяжэй адзначаць дні нараджэння выкрадзенага журналіста.

«Шчыра кажучы, звычайна мы не адзначаем гэты дзень, таму што гэта вельмі цяжка. Першыя гады, калі была надзея, што Дзіма знойдзецца, мы збіраліся. Але чым больш часу праходзіць, тым цяжэй становіцца. Вядома, я абавязкова тэлефаную маці Зміцера, але мы з ёй не закранаем гэтую тэму, а гаворым пра іншае», - сказала Святлана Завадская.

Ва ўдавы Зміцера Завадскага застаецца надзея, што сапраўдныя вінаватыя ў выкраданні журналіста будуць знойдзеныя.

«Надзея ёсць, вядома. Таму што ніякая ўлада не бывае вечнай. У мяне заўсёды была надзея, што калі ў нашай краіне нешта зменіцца, справы зніклых будуць раскрытыя. Такая надзея застаецца і цяпер», - распавяла Святлана Завадская.

Нагадаем, сёння Зміцеру Завадскаму споўнілася б 40 гадоў. Журналіст быў выкрадзены 7 ліпеня 2000 года па дарозе ў аэрапорт «Менск-2».

Яго машына была пазней знойдзена ў аэрапорце, але сам Зміцер Завадскі знойдзены не быў. Ён працаваў аператарам расейскага тэлеканала ОРТ у Беларусі. Раней, з 1994-га па 1997-ы год, ён быў асабістым аператарам Лукашэнкі.

У сакавіку 2002 года Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў двух былых афіцэраў МУС - Валерыя Ігнатовіча і Зміцера Маліка - за выкраданне Зміцера Завадскага да 10 гадоў пазбаўлення волі. Ні на следстве, ні ў судзе Малік і Ігнатовіч не прызналі сваю віну ў выкраданні Завадскага. Па іншым эпізодзе крымінальнай справы Ігнатовіч і Малік былі асуджаныя да пажыццёвага зняволення за забойства яшчэ пяці чалавек. У аднаго з асуджаных - Валерыя Ігнатовіча - па версіі пракуратуры быў матыў здзейсніць злачынства. Ён нібыта помсціў тэлеаператару за матэрыял, у якім фігураваў. У яго аўтамабілі была знойдзеная рыдлёўка са слядамі крыві Завадскага.

У дачыненне гэтых людзей да выкрадання Завадскага мала хто паверыў. Цела яго знойдзена не было.

Міжнародныя арганізацыі і праваабаронцы абвінавачваюць беларускія ўлады ў датычнасці да выкраданняў і забойстваў Зміцера Завадскага і іншых вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў краіны.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках