Пераможца Паралімпійскіх гульняў: Назад у Беларусь я не вярнуся
32- 3.12.2013, 11:35
- 43,146
Пераможца Паралімпійскіх гульняў у Пекіне Зміцер Салей не будзе больш выступаць за Беларусь.
Імя Змітра Салея, пераможцы Паралімпійскіх гульняў у Пекіне, вядома амаль кожнаму жыхару Маладзечна. Ён тады выйграў залаты медаль на 100 м батэрфляем. Праз чатыры гады, у 2012 годзе, Зміцер Салей прадстаўляў Беларусь на Паралімпійскіх гульнях і ў Лондане.
А потым пачалі казаць, што наш чэмпіён выступае ўжо за іншую краіну. Ці так гэта, «Рэгіянальная газета» даведалася ў самога Змітра.
- Зміцер, ці праўда тое, што вы пакінулі Беларусь?
- Гэта не зусім так. Я па-ранейшаму жыву ў Маладзечна, але трэніруюся ў Азербайджане.
- І як часта вы там бываеце?
- Як правіла, 20 дзён трэніруюся там, а на 20 дзён прыязджаю дадому.
- А дорага ездзіць туды-сюды?
- Ды што вы! Усе выдаткі на дарогу кампенсуе прымаючы бок.
- Зміцер, як вы вырашыліся на такія кардынальныя перамены?
- Давайце пачнем з таго, што стаўленне да спартсменаў і ўмовы для трэніровак там значна лепш. І спартсменаў там не падманваюць.
Трэніруючыся ў Беларусі, мне надакучыла слухаць абяцанні: заўтра дамо, заўтра заплацім, заўтра будзе лепш.
- А вы ўжо прадстаўлялі Азербайджан на нейкіх спаборніцтвах?
- Па правілах, павінна прайсці два гады з таго часу, як ты выступаў за іншую краіну. Але гэта ўмоўна, даўно можна было б дамовіцца, але пакуль няма рашэння ад Беларусі.
- Не адпускаюць?
- Не (уздыхнуўшы). Не адпускалі: ні Беларусь, ні ўласны трэнер. Хоць адносіны з трэнерам у мяне захаваліся сяброўскія. Мы зразумелі адзін аднаго.
- Вядома, што вы трэніраваліся са сваім малодшым братам Раманам? А ён застаўся ў Беларусі?
- Не, я яму прапанаваў паехаць са мной, і ён пагадзіўся. Разумееце, калі б я ці Рома засталіся ў Беларусі, то прыйшлося б рабіць выбар.
І, хутчэй за ўсё, не на карысць спорту. Прыйшлося б шукаць стабільную працу са стабільным заробкам, а ў басейн хадзіць па выходных.
Я ж да такога не гатовы. Я хачу быць спартсменам, хачу перамагаць. Тое ж і з Раманам. У Беларусі ён быў нікому не патрэбны. А толькі прыехалі ў Азербайджан, тут табе і ўмовы для трэніровак, і заробак.
- А колькі вы зарабляеце?
- Гэта камерцыйная таямніца (жартуе). Але вось для параўнання. У Беларусі за перамогу на буйных спаборніцтвах можна атрымаць каля 100-120 тысяч даляраў, а ў Азербайджане за такую ж перамогу - мільён еўра. Вось і лічыце.
- А да Паралімпіядзы - 2016 рыхтуецеся?
- Я абавязкова буду браць удзел у Паралімпійскіх гульнях у Бразіліі! Але ўжо пад сцягам Азербайджана. Я ні разу не пашкадаваў, што прыняў такое рашэнне. І назад у Беларусь я не вярнуся.