28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Антусевіч: Пракаповіч правакуе рабочых на ўцёкі ў Расею

20
Сяргей Антусевіч: Пракаповіч правакуе рабочых на ўцёкі ў Расею

Масавыя звальненні ў ходзе «мадэрнізацыі» прывядуць да новай хвалі працоўнай міграцыі.

Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Сяргей Антусевіч, каментуючы сайту charter97.org заяву віцэ-прэм'ера аб тым, што «мадэрнізацыя» абернецца масавымі звальненнямі рабочых.

«На самой справе існуюць праграмы па прадухіленні масавага звальнення рабочых, яны распрацаваныя, але гэта не больш, чым дэкларацыі. Яны былі створаныя ўжо даўно, але былі актуальныя, пакуль у Беларусі не было татальнай кантрактнай сістэмы. Тады можна было казаць пра класічныя працоўныя адносіны, бестэрміновыя дамовы і скарачэнне працоўных месцаў, а не людзей. І ў прынцыпе, па беларускім заканадаўстве, калі працоўнае месца скарачаецца, то наймальнік павінен прадаставіць іншае месца працы нават з навучаннем гэтага чалавека на новае месца. Рабочы мог атрымаць адзін дзень у тыдзень для пошуку новага месца, а таксама кампенсацыю ў памеры яго двухмесячнага або трохмесячнага заробку і звольніцца такім вось чынам. Але калі ў Беларусі запанавала кантрактная сістэма, то казаць пра тое, што ёсць нешта ў выглядзе скарачэння працоўных месцаў фактычна не даводзіцца, таму што па заканчэнні тэрміну кантракту яго можна не падоўжыць, і чалавек такім чынам звольнены без выплаты кампенсацыі, усялякіх гарантый і ўмяшання любых прафсаюзаў», - адзначыў адзін з прафсаюзных лідараў.

Намеснік старшыні БКДП падкрэсліў, што ў гэтым плане ўлады падчысцілі заканадаўства такім чынам, што можна, вядома, абурацца, але ўсё як бы ў парадку.

«Натуральна, у такім выпадку частка людзей будзе шукаць іншае месца працы, і я абсалютна не выключаю, што ў большасці яны могуць знайсці сабе месца працы ў той жа самай Расеі, таму што заробак па пэўных спецыяльнасцях там ужо на парадак вышэй, чым у Беларусі. Тым больш няма ні моўнага, ні візавага бар'ера. Гэта значыць «мадэрнізацыя» можа справакаваць працоўную міграцыю. Але частка людзей проста не зможа выехаць па пэўных прычынах, і тут вялікае пытанне - што дзяржава збіраецца рабіць з гэтымі людзьмі. Можа здарыцца так, што яны трапяць у катэгорыю так званых «дармаедаў», - мяркуе Сяргей Антусевіч.

Нагадаем, учора ў Жлобіне ў размове з журналістамі намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пракаповіч заявіў, што «мадэрнізацыя» абернецца масавымі звальненнямі беларускіх рабочых.

«У цяперашні час у краіне праводзіцца актыўная «мадэрнізацыя» прамысловасці, якая прывядзе да вызвалення часткі працуючых на прадпрыемствах», - сказаў ён.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках