Пракурор патрабуе пяць гадоў турмы для берасцейскага апазіцыянера
15- 9.03.2013, 15:35
Набліжаецца да заканчэння судовы працэс над Віталём Каўшом, якога вінавацяць у «спрыянні незаконнай міграцыі».
З абвінаваўчых высноў вынікае, што Віталь Коўш у траўні мінулага года спрабаваў дапамагчы васьмі грамадзянам Індыі нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу з выкарыстаннем ліны над калючым дротам. Між тым, як паведамляе карэспандэнт charter97.org, старана абвінавачвання нават не здалела правільна пазначыць прозвішча індусаў, якіх затрымалі на мяжы і некалькі месяцаў утрымлівалі ў следчым ізалятары. У выніку ў судовым працэсе над Віталём Каўшом давялося абвяшчаць перапынак, каб упарадкаваць дакумэнты і памяняць фармулёўку абвінавачвання.
Пасля аднаўлення працэсу суддзя Берасцейскага раёна Мікалай Сянько адмовіўся далучыць да справы размешчаныя ў Інтэрнэце відэаролікі з запісам выказванняў індусаў, якія пасля дэпартацыі з Беларусі заявілі аб тым, што пад пагрозай гвалту іх прымусілі абгаварыць невядомых людзей. У прыватнасці, грамадзян Індыі падчас следчага эксперыменту падвозілі да аднаго з дамоў (у якім пражывае сям'я Каўша) і прымушалі паказваць рукой на гэты будынак. Пасля гэткія сведчанні ўвайшлі ў абвінаваўчыя высновы.
Шматлікія супярэчнасці ў гэтай справе не перашкодзілі пракурору Міхаілу Булыгіну на чарговым пасяджэнні суда запатрабаваць для грамадскага актывіста пяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Адвакат Павел Алесік, паказваючы на супярэчнасці ў матэрыялах следства, просіць апраўдаць Віталя Каўша. Астатняе слова падсуднага, які не прызнае сваёй віны, запланаванае на 12 сакавіка. Тады ж стане вядома пра дату вынясення прысуду.
Віталь Коўш быў затрыманы ў верасні 2012 года з ужываннем сілы ля свайго дома на вачах уласнай сям'і невядомымі людзьмі ў цывільным. Некалькі дзён сваякі не маглі атрымаць інфармацыю пра месца ягонага знаходжання, пакуль не высветлілася, што Віталя трымаюць у следчым ізалятары. Нягледзячы на тое, што Коўш з'яўляецца бацькам двух непаўналетніх дзяцей, неаднаразовыя хадайніцтвы аб змене меры стрымання судом былі адхіленыя.
Раней Віталь быў сябрам Партыі БНФ, браў чынны ўдзел у розных грамадскіх і палітычных кампаніях, у тым ліку ў якасці назіральніка на прэзідэнцкіх выбарах. Ягоныя паплечнікі не выключаюць, што ўлады наўмысна зладзілі гэткі працэс, каб абняславіць беларускую апазіцыю. Пра гэта сведчыць і той факт, што яшчэ да абвяшчэння судовага прысуду у дзяржаўных СМІ выйшла сэрыя рэпартажаў і артыкулаў, у якіх Віталь Коўш названы памагатым нелегалаў, і пры гэтым згаданая яго дзейнасць у дэмакратычным руху Берасцейшчыны.