2 траўня 2024, Чацвер, 11:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Дылема Мілінкевіча выглядае фальшывай

29
Мікалай Статкевіч: Дылема Мілінкевіча выглядае фальшывай

Жонка Мікалая Статкевіча працытавала меркаванне палітвязня з нагоды «дыялогу» ЕЗ з Лукашэнкам.

На днях Марына Адамовіч напісала ў сваім акаўнце ў «Фэйсбуку»:

«У мяне тут каментары прасілі - катэгарычна адмаўлялася... Але вось рыхтую да выдання артыкулы Мікалая. Знайшла на старой флэшцы. Цяпер не памятаю, ці было надрукавана, але пісалася для «Борисовских новостей» у чэрвені 2009 года. Вам не здаецца, што і сёння актуальна? У аргументах бакоў так нічога і не памянялася...

Спадзяюся, Мікалай не будзе супраць. Але ў тым, што гэты тэкст знайшоўся менавіта цяпер, ёсць нешта вельмі знакавае, я лічу. Яго тэкст амаль чатырохгадовай даўніны:

«Каментар да ліста А.Мілінкевіча

Галоўны рэдактар газеты «Борисовские новости» Анатоль Букас прапанаваў мне пракаментаваць атрыманы ім ліст былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. Я занадта паважаю Анатоля Уладзіміравіча за яго прафесіяналізм, мужнасць і прынцыповасць, каб адмовіць яму, нават, калі мой каментар камусьці не спадабаецца.

Ліст спадара Мілінкевіча можна ўмоўна падзяліць на тры часткі. У першай, прысвечанай аналізу міжнароднай сітуацыі вакол Беларусі, аўтар ліста крытыкуе ранейшую палітыку Еўразвяза ў дачыненні да нашай краіны, калі ад афіцыйнага Менска патрабавалі дэмакратызацыі, і хваліць новую палітыку дыялогу Еўропы з беларускімі ўладамі. У другой частцы ліста беларуская апазіцыя дзеліцца аўтарам на тых, хто змагаецца выключна супраць Лукашэнкі і тых, хто за еўрапейскі выбар Беларусі. Трэцяя частка ліста прысвечаная адзінству беларускіх праеўрапейскіх сіл, якое павінна рэалізавацца з дапамогай Кангрэсу праеўрапейскіх сіл Беларусі, склікаць які прапануе аўтар. Павінен выказацца па кожнай з гэтых частак.

1). Аналіз адносін беларускіх уладаў з Еўразвяам не ўспамінае ранейшых беспаспяховых спробаў Захаду наладзіць дыялог з афіцыйным Менскам. Чаго вартая спроба дыялогу, арганізаваная амбасадарам АБСЕ Вікам. Усе гэтыя спробы пацярпелі паражэнне не з-за недахопу «гнуткасці» заходніх палітыкаў, а толькі таму, што расейскіх датацый тады яшчэ хапала на тое, каб наша неэфектыўная эканоміка трымалася на плаву. Але не гэтыя недакладнасці з'яўляюцца галоўным недахопам першай частцы ліста. Праблема ў тым, што аўтар не зрабіў аналізу сітуацыі ўнутры краіны, не адказаў на галоўнае пытанне, а ці здольны беларускі рэжым дэмакратызавацца пад уплывам Захаду? Ці здольны ён дэмакратызавацца наогул? Бо менавіта ад адказу на гэтае пытанне і залежыць стратэгія апазіцыі.

2). Сфармуляваная А.Мілінкевічам для апазіцыі дылема «альбо у Еўропу, альбо супраць Лукашэнкі» выглядае фальшывай без пераканаўчых доказаў, што дыялог з Еўразвязам здольны дэмакратызаваць Беларусь. Бо паспяховая еўраінтэграцыя немагчымая без устанаўлення ў краіне дэмакратыі. Аналіз палітыка-эканамічнай сістэмы Беларусі, зроблены Еўрапейскай кааліцыяй яшчэ два гады таму, паказвае, што ўсе асноўныя складнікі гэтай сістэмы (дзяржаўная эканоміка, выбарчая сістэма, кантраляваныя СМІ, паслухмяны парламент і г.д.) ўзаемазвязаныя, пераплеценыя паміж сабой, падтрымліваюць адзін аднаго. Спробы дэмакратызаваць нават адзін са складнікаў вядуць да развалу ўсёй сістэмы. Так, уведзеная Гарбачовым «галоснасць» - адмова ад кантролю над СМІ, некалі разваліла савецкую сістэму. Сённяшні кіраўнік Беларусі выдатна памятае гэта і таму не пойдзе на дэмакратызацыю, якую ён успрымае як пагрозу страты ўлады, ні за якія прэферэнцыі. Такім чынам, з пункту гледжання зробленага Еўрапейскай кааліцыяй і нікім не аспрэчанага аналізу, сапраўдная дылема для апазіцыі гучыць так: «альбо без Лукашэнкі ў Еўропу, альбо з Лукашэнкам ў Азію».

3). Адзінства еўрапейскіх сіл Беларусі сапраўды вельмі важна. Таму не зразумела, чаму прадстаўнікі руху «За свабоду», якія тры месяцы таму ўвайшлі ў ініцыятыўную групу па правядзенні Кангрэса еўрапейскіх сіл, распачатую Еўрапейскай кааліцыяй, амаль адразу пачалі блакаваць працу гэтай групы? Усе гэтыя месяцы яны, не прымаючы праект стратэгіі дэмакратызацыі Беларусі, прапанаваны намі, так і не прапанавалі свой. Прадстаўнікі гэтага руху былі адзінымі з прадстаўнікоў 8 суб'ектаў ініцыятыўнай групы Кангрэсу, хто насуперак рэальным дзеянням рэжыму заяўлялі, што ўплыў Еўропы здольны дэмакратызаваць беларускі рэжым. Замест сумеснай працы над агульнай стратэгіяй еўрапейскіх сіл і падрыхтоўкай сумеснага кангрэса, А.Мілінкевіч зараз распаўсюджвае гэты ліст аб падрыхтоўцы ім асабіста кангрэса з аналагічнай назвай.

Нягледзячы на ўсе дэкларацыі аб адзінстве такія дзеянні вядуць да расколу еўрапейскіх сілаў Беларусі, хоць гэты раскол паміж тымі, хто гатовы змагацца і тымі, хто спадзяецца на «вядучых палітыкаў аб'яднанай Еўропы», уяўляецца аб'ектыўным.

Ніхто не спрачаецца са спадаром Мілінкевічам, што ўдзел нашай краіны ў сумесных з адзінай Еўропай праектах на карысць Беларусі. Толькі падтрымка або непадтрымка беларускай апазіцыяй і А.Мілінкевічам гэтага ўдзелу аказвае на яго неістотны і чыста сімвалічны ўплыў. Але калі кіраўнік руху «За свабоду» так хоча ўскласці на сябе функцыі сімвалічнага лабіста афіцыйнага Менска ў супрацоўніцтве з Еўразвязам, то як ён хоча сумясціць гэтую функцыю з заяўленым ім намерам быць супернікам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах? Быць адначасова лабістам або пасярэднікам і супернікам улады аднаму і таму ж чалавеку немагчыма, бо гэта выклікае недавер у яго здольнасці выконваць функцыю пасярэдніка ва ўладаў і функцыю іх суперніка ў прыхільнікаў дэмакратыі. Трэба выбіраць - альбо пасярэднік, альбо праціўнік і змагар. Вось такая дылема.

Мікалай Статкевіч, каардынатар «Еўрапейскай кааліцыі»

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках