2 траўня 2024, Чацвер, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафта ў абмен на прадпрыемствы

88
Нафта ў абмен на прадпрыемствы

Аб'ём паставак расейскай нафты не будзе павялічаны, як таго дамагаецца Беларусь.

Ананімныя крыніцы ва ўрадзе Расеі паведамляюць, што Масква не будзе павялічваць ў другім паўгоддзі аб'ём нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, як таго хоча Менск. Сярод прычын гэтага эксперты называюць адмову ад выканання беларускім бокам даўніх дамоўленасцей па інтэграцыйных праектах, а таксама працяг ім «шэрага» рээкспарту нафты, за які не выплачваюцца падаткі ў расейскі бюджэт, паведамляе Deutsche Welle.

Захаваць сваю эканамічную мадэль

«Няма ніякай «нафтавай вайны», ёсць працоўны дыялог, - удакладняе загадчык сектара эканомікі маскоўскага Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў. - Беларусь хоча атрымаць больш нафты, а Расея не спяшаецца і можа да канца года даць толькі базавы аб'ём у 21,5 мільёна тон, які штогод перапрацоўваўся на беларускіх НПЗ».

Па словах аналітыка, Расея, агульны аб'ём здабытай нафты ў якой у 2012 годзе склаў 514 мільёнаў тон, магла б задаволіць запыты Беларусі, але беларускі бок не выконвае ўзятых на сябе абавязацельстваў. Агібалаў нагадаў, што ўзамен вылучаных з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС крэдытаў толькі ў мінулым годзе Менск абяцаў правесці прыватызацыю дзяржуласнасці на суму ў 2,5 мільярда даляраў.

Мяркуючы па тэндэнцыям бягучага года, беларускія ўлады з ёй не спяшаюцца і пры гэтым просяць у Расеі новы крэдыт на 2 мільярды даляраў, заўважае эксперт. На яго думку, Менск «не хоча адмаўляцца ад сваёй мадэлі эканомікі, каб захоўваць ключавыя актывы ў сваіх руках, а бюджэтныя дзіркі ў макраэканамічнай палітыцы затыкаць доўгатэрміновымі крэдытамі пад нізкую адсоткавую стаўку».

Масква патрабуе выканання абяцанняў

Менавіта таму Расея хоча падштурхнуць Беларусь да выканання раней узгодненых рашэнняў, мяркуе Сяргей Агібалаў. І дадае, што пажаданні беларускага боку аб павелічэнні паставак нафты могуць быць задаволеныя, але не ў аднабаковым парадку.

Цяпер, на думку аналітыка, усё будзе залежаць ад таго, наколькі Менск будзе гатовы паскорыць вырашэнне пытанняў, якое чакае Масква. Пры гэтым узгадненне колькасці пастаўленай расейскай нафты будзе, па выразе эксперта, праводзіцца ў паквартальным рэжыме, а не на ўвесь год, як было раней.

Каментуючы верагоднасць працягу «шэрага» рээкспарту расейскай нафты, за які Беларусь толькі за мінулы год, па розных ацэнках, не даплаціла каля 2 мільярдаў пошлін у бюджэт Расеі, Сяргей Агібалаў адзначыў, што падобная схема больш не дзейнічае.

Паводле яго слоў, пра гэта сведчыць экспартна-імпартная статыстыка, а таксама спад у першым квартале ў двух сектарах беларускай эканомікі - у хімічнай прамысловасці і нафтаперапрацоўцы (адпаведна на 16 і 21 адсотак у параўнанні з першым кварталам 2012 года). Дэфіцыт гандлёвага балансу Беларусі толькі за люты склаў каля 180 мільёнаў, рэзюмуе Агібалаў.

Паабяцаць, і не выправіцца

У той жа час старэйшы навуковы супрацоўнік расейскага Інстытута эканомікі пераходнага перыяду Сяргей Жаваранкаў не выключае, што менавіта «шэрыя» аперацыі з рээкспартам расейскай нафты і нафтапрадуктаў у Еўропу з'яўляюцца адной з прычын таго, чаму Масква можа адмовіць Менску ў тым аб’ёме нафты, які ён запрошвае на 2013 год. «Існуюць розныя схемы, пад ціскам вертыкалі ўлады гэтая «бухгалтэрыя» маскіруецца ў розных беларускіх ведамствах, так што ўсачыць даволі складана», - адзначае эксперт.

Паводле яго слоў, сур'ёзнай падставай для нязгод бакоў стаў таксама зрыў здзелкі па аб'яднанні МАЗа і КамАЗа і эмацыйныя камэнтары кіраўніка Беларусі з гэтай нагоды. (19 красавіка Лукашэнка назваў зліццё МАЗа і КамАЗа «бандыцкай акцыяй»).

Адказваючы на пытанне аб тым, наколькі хопіць запасу трываласці беларускай эканомікі, калі Расея сапраўды прыкруціць нафтавы кран, Сяргей Жаваранкаў заявіў, што «беларускаму рэжыму не страшна эксперыментаваць над уласным народам». Таму для павышэння заробкаў і пенсій ўлады цалкам могуць уключыць друкавальны станок, як гэта было перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2010 годзе, што затым прывяло да трохразовага падзення курсу беларускага рубля.

Канфлікт вырашыцца па старым сцэнары

Эксперт нагадвае, што цяперашні энергетычны канфлікт паміж Расеяй і Беларуссю - далёка не першы, і тлумачыць, чаму яго стараюцца не надаваць шырокай агалосцы. Па словах Жаваранкава, з палітычнага пункту гледжання расейскаму ўраду вельмі складана прызнаць, што Беларусь паводзіць сябе не зусім дружалюбна ў адносінах да Расеі.

«З аднаго боку, Лукашэнку трэба прымушаць выконваць дамоўленасці, з іншага - расейскія ўлады не могуць адкрыта абвясціць, што, пачынаючы з дамовы ад 1996 года аб стварэнні Супольнасці Расеі і Беларусі, Масква памылялася ў выбары саюзніка», - кажа Сяргей Жаваранкаў. Таму, прагназуе эксперт, сітуацыя і на гэты раз вырашыцца як звычайна: Беларусь паабяцае выправіцца і будзе патрабаваць ад Расеі нейкіх дзеянняў у абмен на дэкларацыі.

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках