2 траўня 2024, Чацвер, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Крэмль займаецца «тонкай тэрапіяй» беларускага кіраўніка

31
Леанід Заіка: Крэмль займаецца «тонкай тэрапіяй» беларускага кіраўніка

Уладзімір Пуцін праводзіць акцыю, накіраваную супраць самога Лукашэнкі.

Такім чынам эканаміст Леанід Заіка пракаментаваў сайту charter97.org інфармацыю пра тое, што Беларусь можа не атрымаць запытаны ў 2013 годзе аб'ём нафты, калі не пагодзіцца на продаж Расеі ключавых прадпрыемстваў.

«Чым менш нафты Расея будзе пастаўляць Беларусі, тым бліжэй будзе дэмакратыя. У самым прамым сэнсе. Таму што ў краіне 48% адсоткаў валюты атрымліваецца за кошт перапродажу расейскай нафты і нафтапрадуктаў.

Нам трэба для ўнутранага спажывання 7 мільёнаў тон нафты, і я б на месцы Пуціна пастаўляў б роўна столькі. Астатняе купляйце. Таму Крэмль і маніпулюе гэтым. Ён проста глядзіць, як беларускія чыноўнікі падскокваюць. Бо чачотка была вынайдзеная ў вялікай мексіканскай сям'і, дзе на 10 дзяцей быў адзін гаршчок. Як толькі нафта не пастаўляецца, беларускія ўлады пачынаюць выстукваць чачотку. Чаму? Таму што адзін мільён тон нафты - гэта 400 мільёнаў даляраў дадатковага прыбытку», - заявіў эканаміст.

Леанід Заіка адзначыў, што грошы, заробленыя на гандлі нафтай, не трапляюць у кішэні беларусаў.

«Гэтыя грошы атрымліваюць зусім іншыя хлопцы. На «чорным золаце» выраслі цэлыя палкі чыноўнікаў. Напрыклад, адзін з такіх прадае дом пад Менскам за 1 мільён 350 тысяч еўра. Адкуль грошы? Ён жа не піражкамі гандляваў», - кажа ён.

Эканаміст упэўнены, што Пуцін працягне нафтавы ціск на беларускага кіраўніка.

«Палкоўнік КДБ, які не любіць Лукашэнку, будзе па-сапраўднаму даводзіць свайго калегу. Без нафты зарплата стане не 500 даляраў, а 400, прыйдзецца плаціць па пазыках. Нафта з'яўляецца галоўнай геаэканамічнай зброяй Крамля. А прыватызацыя нічога не значыць. Забяруць адзін другі заводзік. Цяпер расейцы не будуць купляць грузавікі і кар'ерныя самазвалы. На заводзе таксама будуць чачотку танцаваць. Не варта засяроджваць увагу на МАЗе ці МЗКЦ, яны не ўяўляюць сабой унікальнай міжнароднай каштоўнасці. Два НПЗ так, але яны без нафты з'яўляюцца нулём. Крэмль займаецца тонкай тэрапіяй беларускага кіраўніцтва, гэта акцыя супраць самога Лукашэнкі. Я б сказаў, што гэта своеасаблівая опера на два галасы. У Беларусі галосяць пра суверэнітэт, маўляў, краіна не распрадала сваю ўласнасць. А ў Расеі кажуць: «А мы зараз вам учынім! Лукашэнка, па стойцы смірна!». Расея можа «раздзярбаніць» беларускія прадпрыемствы і без нафты», - заявіў Леанід Заіка.

Нагадаем, сёння ананімныя крыніцы ва ўрадзе Расеі паведамляюць, што Масква не будзе павялічваць ў другім паўгоддзі аб'ём нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, як таго хоча Менск. Сярод прычын гэтага эксперты называюць адмову ад выканання беларускім бокам даўніх дамоўленасцей па інтэграцыйных праектах, а таксама працяг ёю «шэрага» рээкспарту нафты, за які не выплачваюцца падаткі ў расейскі бюджэт.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках