4 траўня 2024, Субота, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ноч музеяў у Менску. Куды пайсці?

7

У беларускай Ночы музеяў пакуль не вельмі багатая гісторыя. Але гэтая культурная акцыя хутка прыжылася і з кожным годам становіцца ўсё маштабней і крэатыўней.

Сёння, мабыць, цяжка знайсці музей, які без сур'ёзных на тое прычын рызыкне прапусціць музейную ноч. Няма сумневаў, што і вечарам у суботу музеі не будуць пакутаваць ад недахопу наведвальнікаў.

Naviny.by вывучылі праграмы мерапрыемстваў музеяў Менска на 18 траўня, каб было лягчэй зрабіць свой выбар.

Нацыянальны мастацкі музей

Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў «Беларускую ноч, ці Музей у фантастычных апавяданнях». Наведвальнікаў паспрабуюць акунуць у свет іх уласных фантазій і дзіцячых мараў, дапамогуць ім разгледзець «нешта вельмі цікавае, трохі забытае і да гэтага часу не разгаданае ў нашых беларускіх традыцыях і добрых казках».

Ноч музеяў у Менску. Куды пайсці?

Такім чынам, увечары 18 траўня НММ ператворыцца ў гасцінны і таямнічы дом шляхціца Завальні, які, як вядома, не толькі сам быў выдатным апавядальнікам самых неверагодных гісторый, але і вялікім аматарам іх паслухаць.

«Вы апынецеся ў свеце, дзе ўсё разумеецца літаральна, дзе метафара пазбаўляецца свайго пераноснага значэння, а каламбур такім ужо не адчуваецца, дзе парадокс аказваецца вынікам бездакорнай лагічнай пабудовы», - абяцаюць арганізатары.

«Мы зробім усё, каб беларусаў не расчаравала беларуская ноч, - запэўніла намеснік дырэктара НММ Надзея Усава. - Звычайна беларуская ноч асацыюецца з этнаграфіяй. Дык вось, этнаграфіі не будзе. Будуць класныя беларускія брэнды, будзе агульны сюжэт».

Самай цікавай будзе гадзіна перад поўначчу, калі будуць прадстаўлены «наватарскія мультымедыйныя праекты». Увесь гэты час на вуліцы будуць гуляць і забаўляць народ беларускамоўныя музычныя гурты.

Бясплатна наведаць таямнічы дом шляхціца Завальні змогуць наведвальнікі ў фантастычым абутку - «каб пайсці туды, не ведаю куды», і ў чароўных акулярах - «каб убачыць тое, не ведаю што».

Дарэчы, у ролі шляхціца Завальні выступіць дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў.

Калі казаць пра цалкам рэальныя глядзельныя вобразы, то ў наведвальнікаў будзе багаты выбар. 18 траўня НММ адкрывае адразу тры выставы. Гэта «Начны візіт» мастака-графіка Валерыя Славука, і дзве фотавыставы - «Беларусь у абдымках зорак» Віктара Малышчыца і «Беларусь сінявокая» Дзяніса Раманюка.

Акрамя таго, спецыяльна да Ночы музеяў была падрыхтаваная выстава «Кіраўнікі і магнаты Вялікага княства Літоўскага» з экспанатаў украінскіх музеяў Львова і Луцка, якія зоймуць тры залы. «Гэта партрэты, якіх ніхто ніколі не бачыў, у тым ліку ўкраінцы, паколькі карціны былі вынятыя з запаснікаў», - запэўніла Надзея Усава.

У гэтай ночы будзе нават свой непаўторны водар. Наведвальнікам будзе прапанаваная кулінарная праграма «кАРТопля» - можна будзе пакаштаваць «вельмі цікавыя беларускія прысмакі».

Кошт квітка для дарослых - 50 тыс. рублёў, для навучэнцаў - 25 тыс. рублёў.

Нацыянальны гістарычны музей

Адметнай рысай цяперашняй Ночы музеяў у Нацыянальным гістарычным музеі будзе асаблівая ўвага да лічбы 13. Акцэнт зроблены на трынаццатыя гады ў гісторыі Беларусі і Еўропы. З 2013 года наведвальнікі змогуць акунуцца, напрыклад, у атмасферу Менска 1913 года, а перайшоўшы ў іншую залу, апынуцца ў Маскве 1813 года...

Ноч музеяў у Менску. Куды пайсці?

«Спартыўная гульнявая праграма для дзяўчат» прысвечаная 13 ліпеня 1908 года, калі ўпершыню да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях былі дапушчаныя жанчыны. Таксама гасцей чакае інтэрактыўная гульня «12 крэслаў + 1».

На выставе «Камунальная кватэра № 13» госці змогуць паназіраць за жыццём яе насельнікаў, а кожны жадаючы згуляе з жыхарамі кватэры ў даміно.

У экспазіцыі «Гісторыя Беларусі XVI-XVIII стагоддзяў у партрэтах і геральдыцы» можна будзе сфатаграфаваць сябе ў вобразе сармацкага партрэта.

Спецыяльна для маючай адбыцца імпрэзы Нацыянальны гістарычны музей падрыхтаваў шэраг інтэрактыўных прастор і «ажылых экспазіцый». Па задумцы арганізатараў, усё гэта дазволіць наведвальнікам быць не проста пабочнымі назіральнікамі, але і «далучыцца да жывога мінулага - бо гісторыя не дрэмле!».

Напрыклад, наведаўшы майстар-клас рамеснікаў, госці змогуць спасцігнуць мастацтва ганчарнай справы. Увайшоўшы ў залу, прысвечаную музыцы, паўдзельнічаць у джазавай імправізацыі пад кіраўніцтвам прафесійных музыкаў. А таксама пакінуць след у гісторыі, пакінуўшы сваё пасланне для нашчадкаў на спецыяльным «палатне гісторыі».

На працягу ўсёй Ночы ў залах Нацыянальнага гістарычнага музея будзе гучаць жывая джазавая музыка. А ва ўнутраным дворыку будзе ўсталяваная сцэна, на якой артысты будуць змяняць адзін аднаго.

Дарэчы, уваход у музей у гэты вечар будзе як раз праз унутраны дворык. А цэнтральныя дзверы будуць працаваць толькі на выхад.

Пачатак у 20.00 гадзін. Кошт уваходнага квітка - 40 тыс. рублёў. Наведвальнікам, якія нарадзіліся 13-га чысла - уваход бясплатны.

Музей сучаснага выяўленчага мастацтва

У якім жа яшчэ ў музеі як не ў гэтым спецыяльна для Ночы музеяў маглі прадугледзець дзіцячы пакой. Ён будзе працаваць з 19.00 да 22.30. Спачатку дзецям пакажуць мульцікі, у прыватнасці серыял па матывах казак розных народаў «Гара самацветаў», затым будуць гульні і віктарыны са смачнымі і пацешнымі падарункамі і сюрпрызамі. А потым - фокусы.

Ноч музеяў у Менску. Куды пайсці?

У кожнай з залаў музея пройдзе свая праграма. У Малой зале - кампутарны нон-стоп інтэрактыў ад VISUAL VIBES GROUP, вядомай сваімі працамі з выкарыстаннем тэхналогіі видэамэпінга - гэта калі малюнак праецыюецца на паверхню аб'екта з улікам яго геаметрыі і становішча ў прасторы.

У холе будзе гуляць менскі гурт «Тры панды і месяц». Іх музыка заснаваная на спантаннасці і імправізацыі, а таму сказаць, што менавіта будуць выконваць музыкі суботнім вечарам, немагчыма.

Знаўцаў і аматараў сучаснай беларускай музыкі чакае яшчэ адна цікавая сустрэча. У Вялікай зале музея з 19.00 да 21.00 будзе гуляць гурт «Рэха». Яго не чулі амаль два гады. Цікава, ці змяніліся за гэты час іх погляды на тое, якой павінна быць поп-музыка?

А потым сцэну захопяць эксперыментальны тэатр «ПОка ТАК» з кароткаметражным спектаклем аб свабодзе, тэатр лялек «ДОМ Сонца» з касмічным перформансам і калектыўны перформанс з назвай, якую немагчыма вымавіць, але яна дазваляе зразумець сутнасць дзейства - Gesamtkunstwerk.

За гадзіну да поўначы - яшчэ адна музычная сустрэча. Сваю творчасць прадставіць праект The Arches. Гэта вынік калектыўнай творчасці некалькіх дзесяткаў прафесійных музыкаў. Іх музыку ўжо выдаюць у Парыжы. Так што паслухаць варта.

Ноч музеяў удала ўпісалася ў фестываль стрыт-арту, які адкрыўся напярэдадні. «Гэтым фестывалем мы б хацелі адказаць на пытанне, ці магчымае злучэнне вулічнага мастацтва і прасторы гарадскога музея, - патлумачыла дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч. - Першае, што ўбачаць госці, - вялікія стэнды каля ўваходу ў музей, дзе мастакі будуць маляваць свае карціны. Прычым кожны з наведвальнікаў таксама зможа ўзяць пэндзлік або балончык і нешта адлюстраваць. Гэта інтэрактыўнае шоў будзе суправаджацца моладзевай музыкай».

Кошт уваходнага квітка - 40 тыс. рублёў. Квіткі не выкідвайце, так як яны ж з'яўляюцца і латарэйкамі, а галоўнымі прызамі - эксклюзіўныя майкі з выявамі вядомага беларускага дызайнера Уладзіміра Цэслера.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Ноч музеяў тут пачнецца ўжо... раніцай. Таму што ноччу дзецям трэба спаць, але і пазбаўляць іх свята таксама было б няправільна. Такім чынам, у 11.00 пачнецца праграма, прысвечаная 130-годдзю дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра. Чаму юбілей Маўра адзначаюць у доме Коласа? Адказ на гэтае пытанне вы даведаецеся ледзь-ледзь ніжэй. А вось на іншыя займальныя пытанні пра жыццё і творчасць пісьменніка трэба будзе адказаць удзельнікам віктарыны.

Ноч музеяў у Менску. Куды пайсці?

А потым яны самі змогуць параспытваць нашчадкаў знакамітых літаратараў. У традыцыйным музейным цыкле «Нашчадкі вядомых людзей» у госці да хлопцаў прыйдуць нашчадкі Якуба Коласа і Янкі Маўра, якія былі ў сваяцтве - сын Коласа Міхась Міцкевіч ажаніўся з дачкой Маўра Наталляй.

Дзіцячая частка музейнага свята завершыцца праглядам прыгодніцкага фільма «Неадчыненыя выспы», знятага па аповесці Янкі Маўра «Палескія рабінзоны».

Пачынаючы з 18.00 у музеі можна будзе паслухаць беларускія народныя песні ў выкананні гурта «Гарынь», паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях і карагодах ад Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і пад чулым кіраўніцтвам майстроў-рамеснікаў самому навучыцца прасці, плесці з саломы і лазы, рабіць лялькі, ляпіць гаршчок .

З 19.00 у Вялікай гасцінай дома Коласа пачнецца канцэрт «Шэдэўры еўрапейскага барока» ансамбля «Камерныя салісты Менска» пад кіраўніцтвам Змітра Зубава. Гэта адзіны ў краіне ансамбль, які спецыялізуецца на выкананні музыкі эпохі барока і ранняй класікі ў гістарычна арыентаванай манеры.

Падрыхтаваў музей Коласа і спецыяльную праграму для сямейных пар. Ім пакажуць фрагмент рэканструкцыі вясельнага абраду «Праводзіны нявесты», а потым запросяць на фотасесію ў інтэр'ерах. Акрамя таго, для сямейных пар прыгатаваная бяспройгрышная латарэя, галоўны прыз якой - тур выхаднога дня ў аграсядзібу «У дубочка». Будзе і вясельны каравай. А ўсім парам на памяць выпішуць ганаровае пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу.

Дзевяць гадзін вечара - гэта час пачатку шоу прафесара Вуаля, які абяцае хімічныя эксперыменты, арыгінальныя конкурсы і сюрпрызы. Па заканчэнні - канцэрт. Спачатку згуляе моладзевы джазавы гурт, а затым шырока вядомы ў не самых вузкіх колах гурт Re1ikt.

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Да суботы музей Купалы падрыхтаваў праект PaЎlinka PARTY. У пяць гадзін святочнай праграмы арганізатары ўмясцілі нямала цікаўнага.

Ноч музеяў у Менску. Куды пайсці?

Такім чынам, у парадку паступлення: выстава handmade-вырабаў, канцэрт фолк-арт-рок-гурта Alta Mente, выступленне тэатра танца «Адлюстраванне» і студэнцкага эксперыментальнага тэатра-студыі ARTvoayge, канцэрт этна-мадэрн-гурта Folkmashina, паказ «Галерэі стылю» ў суправаджэнні духавога аркестра памежных войскаў, выступленне Адэкватнага тэатра «вКУБЕ» і электрычны канцэрт гурта «Босае сонца».

І гэта яшчэ не ўсё. Гэтым вечарам музей дае магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці мадэльера, праявіць творчыя здольнасці ў мастацтве боды-арта і навучыцца ствараць стыльныя вобразы на майстар-класах.

Дарэчы, калі хто планаваў у суботу паход у цырульню, то вас таксама чакаюць у музеі Янкі Купалы.

Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва

Ноч музеяў практычна супала з юбілеем галерэі Шчамялёва, якой 20 траўня споўніцца 10 гадоў. У гэтую суботу кожны наведвальнік галерэі зможа сам паспрабаваць сябе ў ролі мастака. Вольнае маляванне на тэму «Травеньская ноч» пачнецца ў 11.00 да 21.00, а затым адбудзецца выстава намаляванага за дзень.

Арганізатары акцыі абяцаюць, што мастака ў сабе змогуць адкрыць нават тыя, хто ніколі да гэтага не маляваў.

Жадаючым паўдзельнічаць у мерапрыемстве прапануецца прынесці свой гатовы малюнак альбо намаляваць/дамаляваць сюжэт прама на месцы. Калі ў хаце водзяцца алоўкі-пэндзлі-фарбы-папера-кардон-туш, можна захапіць іх з сабой, калі не - нейкі мінімум выяўленчых матэрыялаў у галерэі знойдзецца.

Па меры з'яўлення гатовых работ удзельнікаў у сценах галерэі будзе фармавацца імправізаваная экспазіцыя. Па выніках будзе праведзенае галасаванне гледачоў, а таксама галасаванне прафесійнага журы. Лепшы мастак на аснове меркавання гледачоў атрымае прыз глядацкіх сімпатый, а праца, якая найбольш спадабалася прафесійнаму журы, будзе некаторы час экспанавацца ў галерэі.

Плата за ўваход звычайная - 5 тыс. рублёў дарослы білет, 2 тыс. рублёў - льготны.

Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура

У гэтым музеі ўсю ноч - з 22.00 да 06.00 - у рамках праграмы «Мастацтва замест сну» будзе гуляць музыка. У адкрытым дворыку ў рэжыме нон-стоп будуць змяняць адзін аднаго лепшыя беларускія джазавыя калектывы.

У гэты ж час у залах музея можна будзе пазнаёміцца, цяпер ужо інтэрактыўна, з кожным з сарака напрамкаў джазавага мастацтва, паглядзець авангарднае кіно.

«Дом Ваньковічаў»

У філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Доме Ваньковічаў адбудзецца канцэрт аркестравай і вакальнай музыкі. У выкананні студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прагучаць творы Вівальдзі, Рахманінава, Чайкоўскага.

Пачатак у 16.00.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках