1 траўня 2024, Серада, 21:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: Авантуры Лукашэнкі скончыліся

51
Аляксандр Ярашук: Авантуры Лукашэнкі скончыліся

Сітуацыя з МАЗам і нафтай даводзіць, што беларускі рэжым вычарпаў свой гістарычны рэсурс.

Так старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў (БКДП) Аляксандр Ярашук пракамэнтаваў сайту charter97.org вынікі візіту Ўладзіміра Сямашкі ў Маскву.

«Сітуацыя так ці інакш павінна была прыйсці да таго, што давядзецца прымаць пастанову, а Масква будзе ціснуць, каб прыспешыць гэты працэс. І гаворка ідзе не толькі пра тое, што існуе велізарная Расія, якая дамагаецца «фамільнага срэбра», але яшчэ і пра тое, што ў варунках Мытнага саюза павінны быць аднолькавыя правілы гульні. Але ў выпадку, калі ўзаемадзейнічаюць два абсалютна розныя эканамічныя арганізмы, гульня не можа быць на роўных», - адзначыў прафзвязавы лідар.

Ён падкрэсліў, што ў сітуацыі з прыватызацыяй МАЗа ўсё залежыць ад расейскай стараны.

«Гэта можа быць як стварэнне холдынгу «МАЗ-КамАЗ», так і продаж прадпрыемства. Магчымасць манэўру для беларускіх улад знікае ўсё больш і больш. Бясконцыя абяцанні і хітрыкі ў дачыненні да Крамля, калі за іх нічога не было, сканчаюцца», - заявіў старшыня БКДП.

Ён мяркуе, што ў кожнай авантуры ёсць свой рэсурс.

«Рэсурс авантуры Лукашэнкі вычарпаны. Фактычна ён паклаў усе яйкі ў адзін кошык. Можна было наладзіць стасункі не толькі з Расеяй, але і з Еўразвязам і ЗША. Беларускі правадыр думаў, што Крамлём можна будзе круціць як хвастом. Мы прысутнічаем пры банкруцтве палітычнага і эканамічнага курсу сённяшняга кіраўніцтва краіны, і толькі яно вінаватае ў сітуацыі, у якой цяпер апынулася Беларусь. Калі казаць пра магчымасць манэўру і шляхах адыходу, то не выключана, што і на гэты раз пранясе. Але ў цэлым гістарычны рэсурс беларускага рэжыму выпрацаваны, і гэта відавочны факт. Як кажуць, машына яшчэ рухаецца інэрцыйна, але паліва ўжо скончылася», - упэўнены Аляксандр Ярашук.

Нагадаем, віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў журналістам пасля свайго вяртання з Масквы, дзе ён сустракаўся з намеснікам старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Аркадзіем Дварковічам, што дамоўленасці аб гадавым аб'ёме паставак расейскай нафты ў Беларусь па-ранейшаму няма.

Таксама адзначым, што 21 траўня ў расейскай сталіцы адбудзецца сустрэча прэм'ер-міністраў дзвюх краін. Міхаіл Мясніковіч і Дзмітрый Мядзведзеў абмяркуюць актуальныя пытанні расейска-беларускага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвэстыцыйнай, энэргетычнай ды іншых галінах.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках