2 траўня 2024, Чацвер, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея і ЗША склічуць канферэнцыю па Сірыі

2
Расея і ЗША склічуць канферэнцыю па Сірыі

Вашынгтон і Масква маюць намер дамагацца правядзення міжнароднай канферэнцыі па крызісе ў Сірыі.

Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў пасля перамоваў у Маскве з кіраўніком Дзярждэпартамента ЗША Джонам Кэры, перадае BBC.

Па словах Лаўрова, Масква і Вашынгтон згодныя з тым, што заклікаць да спынення кровапраліцця неабходна як сірыйскі ўрад, так і паўстанцаў.

Як паведаміў Кэры, канферэнцыя пройдзе ў бліжэйшы зручны час, у лепшым выпадку - у канцы траўня. Дзяржсакратар ЗША выказаў надзею на фармаванне па выніках гэтай сустрэчы пераходнага ўрада Сірыі.

Раней Кэры заявіў, што ў Масквы і Вашынгтона ёсць агульныя інтарэсы ў Сірыі, у тым ліку імкненне да стабільнасці ў гэтым рэгіёне і барацьба з распаўсюдам экстрэмізму.

«Запознены» візіт

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры знаходзіцца ў Маскве з двухдзённым візітам, падчас якога ён сустрэўся з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і кіраўніком МЗС Сяргеем Лаўровым.

На сераду запланаваная яго сустрэча з «прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці» ў рэзідэнцыі амерыканскіх амбасадараў Спаса-Хаўсе.

Акрамя сітуацыі ў Сірыі ў ходзе візіту бакі абмяркуюць таксама перспектывы паляпшэння расейска-амерыканскіх адносін, Іран і маючы адбыцца саміт вялікай «васьмёркі».

Сам Кэры на мінулым тыдні абмовіўся у гутарцы з журналістамі, што яго візіт у Расею «спазніўся».

Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Джона Кэры пачалася ў Маскве на тры гадзіны пазней, чым гэта было запланавана.

Дзяржсакратар ЗША падзякаваў Пуціна за дапамогу расейскіх спэцслужбаў у расследаванні выбухаў на Бостанскім марафоне, а таксама сказаў, што ў Сірыі ў ЗША і Расеі агульныя інтарэсы: і Маскве, і Вашынгтону патрэбная стабільнасць у рэгіёне.

«Я спадзяюся, што сёння ў нас атрымаецца прасунуцца крыху далей і паглядзець, ці можам мы выпрацаваць агульны падыход», - дадаў Кэры, папярэднічаючы перамовы.

Пасля размовы з Пуціным Кэры ўсё з тым жа аптымізмам працягнуў гаварыць пра двухбаковыя адносіны: «Я прыехаў сюды для таго, каб выканаць даручэнне прэзідэнта Абамы: мы цвёрда арыентаваныя на тое, што ЗША і Расея сапраўды могуць супрацоўнічаць па цэлым шэрагу важных пытанняў».

Паводле яго слоў, з Пуціным у іх адбылася змястоўная размова.

Расейскі бок запэўніў, што і ў Маскве перамовамі засталіся задаволеныя. Кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў заявіў пра насычаную і карысную размову, якая адбылася ў аўторак.

«Мы адчулі з амерыканскага боку імкненне ўсяляк развіваць нашы адносіны ў сферы эканомікі, у сферы палітычнага дыялогу, у супрацоўніцтве на міжнароднай арэне. Мы цалкам такі настрой падзяляем», - дадаў Лаўроў.

Вока за вока, зуб за зуб

Адносіны паміж краінамі ўскладніліся пасля абмену «спісамі» - «спісам Магніцкага» і расейскім адказам на яго, а таксама масавых праверак расейскімі ўладамі некамерцыйных арганізацый у пошуках замежнага фінансавання і прыкмет адмовы рэгістравацца ў якасці «замежных агентаў».

У красавіку ў Маскве пабываў памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Том Данілон, які прывёз ліст амерыканскага прэзідэнта Барака Абамы, у якім выяўленыя чаканні Вашынгтона з нагоды амерыкана-расейскіх адносін на бліжэйшыя гады. Як раней заявіў Лаўроў, Расея рыхтуе «максімальна канкрэтны» адказ на гэта пасланне Абамы.

Кэры і Лаўроў неаднаразова сустракаліся на працягу апошніх некалькіх месяцаў, аднак візіт амерыканскага дзяржсакратара ў Маскву стаў першым з моманту ўступлення Кэры ў пасаду ў лютым бягучага года.

Візіт Кэры ў Расею таксама папярэднічае сустрэчу Уладзіміра Пуціна з Баракам Абамам на палях саміту «вялікай васьмёркі», які ў чэрвені адбудзецца ў Ірландыі.

Пасля гэтага, як паведаміў памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў, Абама нанясе візіт перад самітам «дваццаткі» ў Санкт-Пецярбургу ў верасні бягучага года.

«Сірыйскі» яблык разладу

У чэрвені мінулага года Расея афіцыйна пацвердзіла сваю прыхільнасць Жэнеўскаму камюніке - палітычнаму плану, прынятаму на сустрэчы Групы дзеянняў па Сірыі.

Аднак з тых часоў нічога зроблена не было, нягледзячы на бесперапынны рост колькасці ахвяр у Сірыі ў выніку ўзброенага супрацьстаяння ўрадавых войскаў і паўстанцаў. З пачатку канфлікту ў Сірыі два гады таму загінулі больш за 70 тысяч чалавек.

Расея не адмаўляе, што пастаўляе зброю сірыйскім уладам, аднак сцвярджае, што расейская зброя не выкарыстоўваецца для барацьбы з паўстанцамі. ЗША і краіны Захаду, наадварот, падтрымліваюць сірыйскую апазіцыю, пры гэтым Вашынгтон настойвае, што не пастаўляе зброю паўстанцам.

Напярэдадні візіту Кэры абвастрылася пытанне магчымага выкарыстання хімічнай зброі сірыйскімі паўстанцамі пасля высноваў групы экспертаў ААН. Вашынгтон мяркуе, што ўзброеная сірыйская апазіцыя такой зброі не мае.

Расея ж настойвае на расследаванні ААН выпадку магчымага выкарыстання такой зброі блізу сірыйскага горада Алепа, пра што раней прасіў Дамаск.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках