2 траўня 2024, Чацвер, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Месца «прынцэсы» цырка заняў чыноўнік з Менгарвыканкама

48
Месца «прынцэсы» цырка заняў чыноўнік з Менгарвыканкама

Былому дырэктару Белдзяржцырка Таццяне Бандарчук хутка знайшлі замену.

У мінулую пятніцу стала вядома, што ў дачыненні да дырэктара Белдзяржцырка Таццяны Бандарчук, якая ўзначальвала яго амаль 20 гадоў, распачатая крымінальная справа. Прайшлі выходныя, а падрабязнасці скандалу ў галоўным цырку краіны па-ранейшаму не агучваюцца.

Як стала вядома «Салідарнасці», выконваючым абавязкі дырэктара цырка ўжо прызначаны намеснік начальніка ўпраўлення культуры Менгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў. Такім чынам, «прынцэса цырка» (так называюць Бандарчук з тых часоў, як яна выступала на арэне з унікальным трукам: круціла абруч, стоячы ў пуантах, як балерына, на далоньцы партнёра) ўсё ж такі звольненая.

У прыёмнай дырэктара гаварыць на тэму лёсу былой начальніцы адмаўляюцца.

- Пакуль ідзе разбіральніцтва мы ніякіх каментароў не даем, - прагучала на іншым канцы провада. - На гэты перыяд з упраўлення культуры прызначаны выконваючы абавязкі дырэктара Сяргей Мядзведзеў. У астатнім - ніякіх зменаў.

Сын Таццяны Бандарчук працягвае працаваць на пасадзе галоўнага рэжысёра цырка.

- Прабачце, калі ласка, я вельмі люблю журналістаў, але ў дадзены момант не буду нічога каментаваць, - сказаў Серж Бандарчук. - Мы чакаем, пакуль усё высветліцца. Тады і будзем адказваць на пытанні.

Таццяна Бандарчук, якая з'яўляецца дырэктарам Белдзяржцырка з 1996 года, у канцы мінулага тыдня запэўнівала, што аб узбуджэнні крымінальнай справы яе яшчэ не паставілі ў вядомасць - пасля праверак Дзяржкантролю яна выйшла на бальнічны.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі, згодна з атрыманымі матэрыяламі крымінальнай справы, былы кіраўнік установы падазраецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт.424 КК). Што канкрэтна ставіцца ў віну былому дырэктару, пакуль не паведамляецца.

Следчы камітэт прыняў крымінальную справу да вытворчасці. Мера стрымання ў дачыненні да падазронай не абіралася. Ёй пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй (альбо без) маёмасці.

Нешта падобнае ў сваім яркім цыркавым жыцці Таццяна Бандарчук ужо перажывала.

У красавіку 2000 года прэс-служба МУС распаўсюдзіла паведамленне такога зместу:

«Супрацоўнікі УЭП ГУУС Менскага гарвыканкама ў будынку Беларускага дзяржцырка затрымалі з доказамі злачынства дырэктара гэтай установы Таццяну Бандарчук. Яна падазраецца ў атрыманні хабару ў суме 4,9 тысячы даляраў ЗША ад двух артыстаў Маскоўскага цырка за вырашэнне пытання наконт заключэння кантракта, звязанага з выступленнем і размяшчэннем цыркавога рэквізіту. Узбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 169 КК».

Затрыманую змясцілі ў СІЗА, а па сталіцы папаўзлі жудасныя чуткі, аж да таго, што ў сейфе дырэктаркі знайшлі пачкі даляраў, а ў самім Белдзяржцырку нібыта чачэнскія баевікі сваю базу арганізавалі.

Пакуль Таццяна Мікалаеўна знаходзілася пад арыштам, у цырка з'явіўся новы дырэктар. Прозвішча яго запомніць не паспелі, казалі, што з былых вайскоўцаў. Камандаваў ён артыстамі нядоўга.

Прыкладна праз месяц Бандарчук вызвалілі са следчага ізалятара.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках