5 траўня 2024, Нядзеля, 21:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Уручча пратэстуюць супраць ушчыльнення: «На вуліцу выйдзе ўвесь раён»

58

Горадабудаўнічы канфлікт у менскім мікрараёне разгараецца з новай сілай.

Мінулым летам жыхары Уручча схвоснуліся ў няроўнай барацьбе з байцамі менскага спецназа. З плакатамі ў руках людзі выходзілі на абарону невялікага сквера, дзе АМАП збіраўся ўзвесці два дамы для сваіх супрацоўнікаў. Перамога апынулася на баку апошніх: нягледзячы на пратэсты, будоўля на скрыжаванні вуліц Шугаева і Русіянава пачалася. Тады, спрабуючы хоць неяк патушыць горадабудаўнічы канфлікт, Мікалай Ладуцька паабяцаў выключыць з плана забудовы Уручча яшчэ два дамы, якімі таксама хацелі «нагрузіць» мікрараён: дом кампаніі «Белсплаў» і ЖБВК «Першамайскі-1». Было прынятае адпаведнае рашэнне Менгарвыканкама. Аднак нядаўна жыхары Уручча даведаліся, што яно адменена і раёну зноў пагражае ўшчыльненне, піша onliner.by.

«Кааператыву «Першамайскі-1» прапанавалі альтэрнатыўны ўчастак у Ваенным гарадку, але на той пляцоўцы знаходзіцца дзесятак гаражоў, знос якіх неабходна кампенсаваць. А яшчэ трэба распрацаваць новую праектную дакументацыю. Верагодна, ні ў горада, ні ў членаў ЖБВК на гэта грошай няма, таму ім вяртаюць участак ва Уруччы, - кажуць праціўнікі ўшчыльнення. - Гэта ўдар у спіну ўсім нам: спачатку ўлады паабяцалі, што будоўлі не будзе, а цяпер, калі жарсці ўлягліся, усё перайгралі».

Ініцыятыўная група прызначыла сустрэчу на вуліцы Русіянава, на тым самым месцы, дзе цяпер узводзяцца дамы для спецназа. Будоўля, якая пачалася год таму, ідзе даволі бойка.

«Знішчаная зялёная зона была ці ледзь не адзіным месцам у раёне, дзе можна было спакойна адпачыць з дзецьмі і ўнукамі, - кажа пенсіянерка Валянціна Малюціна. - У дварах жа пляцоўкі маленечкія: таго і глядзі дзіця пад машыну выскачыць. А пасля засялення новых дамоў дадасца яшчэ 200-300 аўтамабіляў. Куды яны стануць? Ды што там людзі, у нас нават дваровым катам шпацыраваць няма дзе: па патрэбе ходзяць у пясочніцы»

Жыхары Уручча-2 упэўненыя, што ў траўні мінулага года сквер пад іх вокнамі высякалі самі байцы спецназа.

«Потым нам казалі, што гэта нібыта былі супрацоўнікі «Зелянбуда», але мы не верым. Сякерамі і рыдлёўкамі варочалі моцныя хлопцы ў спартыўнай вопратцы, - успамінае яшчэ адна праціўніца ўшчыльнення Ала Савінава. - Аднаму з іх я зрабіла заўвагу, ён агрызнуўся: «Замаўчы, а то заеду сякерай». Сусед спрабаваў абараніць дрэва, яму сталі пагражаць: «Будзеш крывёю апраўляцца». Вось з такімі суседзямі хутка прыйдзецца жыць бок аб бок».

Ушчыльняльныя войны ва Уруччы-2 пачаліся ў 2005 годзе. Тады Менгарвыканкам зацвердзіў праект дэталёвай планіроўкі, які прадугледжвае будаўніцтва ў мікрараёне яшчэ сямі шматпавярховых дамоў. Прайшлі некалькі грамадскіх абмеркаванняў, на кожным з якіх жыхары выказвалі катэгарычны пратэст. Па іх словах, архітэктары заняліся пераўшчыльненнем і парушаюць патрабаванні генплана. Але ўлады кожны раз паступалі па-свойму.

Дзве бітвы супраць ушчыльнення ўжо прайграныя. Акрамя дамоў для спецназа раён ушчыльнілі «свечкай» ЖБВК «Гадзіншчык» на вуліцы Русіянава. 19-павярхоўка выбіваецца з навакольнай забудовы. Зрэшты, архітэктары кажуць, што вышынных акцэнтаў раёну раней як раз і не хапала.

Наперадзе новыя бітвы? Ці на гэты раз людзі зразумеюць, што пратэсты бессэнсоўныя? А можа, жыхары Уручча перагінаюць палку? Іх не раз папракалі ў эгаізме. Некалькі месяцаў таму праціўнікаў ушчыльнення і патэнцыйных навасёлаў сапхнулі ілбамі ў тэлеперадачы «Форум» на «Беларусь-1». Запрошаная ў студыю шматдзетная маці, член ЖБВК «Першамайскі-1», не стрымала эмоцый: «Вам няма дзе выгульваць сабак, а нам няма дзе жыць, няма дзе гадаваць дзяцей! Мы марым аб уласнай кватэры».

«Чыноўнікі выварочваюць сітуацыю такім бокам, быццам мы супраць сацыяльнай палітыкі дзяржавы: не даем будавацца грамадзянам, якія жывуць у нястачы, ушчамляем шматдзетныя сем'і, - кажа Ала Савінава. - Гэта спекуляцыя! Нядаўна мы запыталі звесткі аб колькасці кватэр у «Першамайскім-1». Вы здзівіцеся. 4-пакаёвых усяго тры. 3-пакаёвых - 18. А кватэр у доме 128. Дык колькі там тых шматдзетных сем'яў?»

Які склад ЖСПК, пакуль незразумела. У адміністрацыі Першамайскага раёна цямняць: маўляў, кааператыў яшчэ да канца не сфармаваны. Па чутках, кватэры тут размеркаваныя паміж супрацоўнікамі ЖРЭА, МУС, пракуратуры, падатковай.

Ініцыятыўная група паказала тое самае месца, дзе можа быць пабудаваны дом «Першамайскі-1». Адначасна паказваюць двары.

«У нас тут выпаленая зямля. Калісьці Уручча-2 быў зялёным мікрараёнам. А зараз вы бачыце траву? Вакол машыны, усе стаптана, перакапана - да новабудоўляў цягнуць камунікацыі. Ушчыльненне забудовы - гэта генацыд насельніцтва, так з маіх слоў і запісвайце», - шчырая з намі яшчэ адна мясцовая жыхарка Надзея Сарокіна.

Пляцоўка для ЖБВК «Першамайскі-1» - гэта невялікі пятачок паміж домам № 17 к. 2 на вуліцы Шугаева і домам побыту. 14 чэрвеня 2012 года Менгарвыканкам прыняў рашэнне № 1893, якім унёс змены ў горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання і выключыў з яго ЖБВК. Цяпер, па словах жыхароў Уручча, прынятае рашэнне № 785 ад 4 красавіка 2013 года, якое прадастаўляе УКБ Першамайскага раёна ўчастак для будаўніцтва дома і інжынерных сетак.

У мінулым годзе асабіста Мікалай Ладуцька даў каманду азеляніць гэтую пляцоўку. Тады завезлі грузавік чарназёму і некалькі кустоў. На гэтым азеляненне скончылася...

«Людзі не вераць таму, што адбываецца: «Няўжо сюды дом ўпіхнуць? - пытаюцца яны. Хай толькі паспрабуюць. Выйдзем усім раёнам», - кажуць прадстаўнікі ініцыятыўнай групы. - У народа няма веры чыноўнікам. Як можна так паступаць: захацеў - даў слова, захацеў - узяў назад?»

Цікавыя звесткі пра забяспечанасць квартала дзіцячымі садкамі і школамі прыводзіць адміністрацыя Першамайскага раёна. Пяць бліжэйшых дзіцячых садкоў (№ № 497, 508, 520, 522 і 517) запоўненыя на 125-139% ад разліковай магутнасці. У школах сітуацыя лягчэй: яны загружаныя на 45-97%.

«З паліклінікамі бяда. Два гадзіны сядзела ў чарзе на кардыяграму сэрца, а на грамадскім абмеркаванні нас пераконвалі, што паліклініка паўпарожняя», - скардзіцца адна з жанчын.

«У ашчадкасе «камуналку» аплаціць - гадзіну стой як пракляты», - згодная з ёй пенсіянерка.

Па словах жыхароў, уласнай інфраструктуры раёну ўжо не хапае. А побач тым часам актыўна будуецца жыллё на тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій, па другі бок МКАД пачынаюць узводзіць жылы квартал «Магістр». Пройдзе трохі часу - і навасельцы ўжо самі адчуюць праблемы, пра якія літаральна крычыць Уручча-2.

Нам паказваюць яшчэ адну пляцоўку, дзе вось-вось выбухне новы канфлікт. Былыя тэнісныя корты на вуліцы Шугаева. Тут павінны будавацца супрацоўнікі дзяржаўных СМІ. Кааператыў «Першамайскі-2» яны сфармавалі яшчэ ў 2009 годзе і ўжо зачакаліся ўласнага кута. Наракаюць на непаваротлівасць і бяздзейнасць УКБа Першамайскага раёна.

«Раней тут збіраўся народ. Гулялі ў тэніс, баскетбол, футбол. А ў лістападзе 2004 года па нечай указцы знялі і павезлі сеткі, кошыкі, - кажуць людзі. - Улады не рамантавалі спортпляцоўку, а нас пераконвалі, што гэта мы яе запусцілі».

Пару месяцаў таму каля пляцоўкі ўкапалі драўляныя слупы для электрапровадаў. Гэта першы сігнал да з'яўлення будаўнічых бытовак.

Ці мае сэнс новы віток барацьбы з ушчыльненнем? Напрыканцы пра гэта запыталіся ў грамадскага актывіста Леаніда Мажальскага, які ў мінулым годзе атрымаў пяць сутак арышту і штраф у 2 млн рублёў за тое, што выйшаў на несанкцыянаваны мітынг і ўстаў на шляху будаўнічай тэхнікі.

«Сярод нас ёсць тыя, хто не баіцца, - адказаў ён. - Але воля многіх паралізаваная. Закон аб масавых мерапрыемствах не дазваляе збірацца на мітынгі. Людзі, хто на дзяржслужбе, не жадаюць праблем на працы, не хочуць атрымаць дубінкай па галаве».

«Але змагацца ўсё ж трэба, - лічаць удзельнікі ініцыятыўнай групы. - Неяк на адным са сходаў мы спыталі чыноўнікаў, дакуль вы нас будзеце мучыць? «Пакуль не пагодзіцеся» быў адказ. А мы аналагічна: будзем абараняць раён, пакуль жывыя. Таму як інакш, калі апусцім рукі, ва Уруччы стане жыць невыносна».

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках