17 траўня 2024, Пятніца, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Славянскі базар» патрапіў пад скарачэнне

37
«Славянскі базар» патрапіў пад скарачэнне

Фестываль «Славянскі базар» зменіць свой фармат.

Адным з новаўвядзенняў гэтага года стане яго вялікая арыентаванасць на тэлегледачоў. Пра гэта паведаміў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў падчас онлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.

«Разлік на тэлевізійную аўдыторыю першапачаткова закладзены ў падрыхтоўку фестывалю. Галоўным чынам гэта выяўляецца ў тым, што ў пастановачныя групы ўключаныя тэлерэжысёры, якія пад сваім спецыфічным кутом гледжання бачаць усю карцінку і падказваюць, што трэба, каб яна лепш глядзелася на тэлевізіі. Аж да дэталяў, звязаных з максімальна шырокім асвятленнем мерапрыемстваў: такіх як асвятленне, афармленне сцэны і гэтак далей», - сказаў Барыс Святлоў.

Разам з тым ён асабліва падкрэсліў, што гэта ніяк не адаб'ецца на тых гледачах, якія будуць прысутнічаць непасрэдна ў глядзельнай зале.

«Іх правы мы ні ў якім выпадку не парушылі», - адзначыў міністр.

Таксама Барыс Святлоў распавёў і аб іншых зменах, якія чакаюць фестываль ужо ў гэтым годзе.

«Па-першае, гаворка ідзе аб мадэрнізацыі самога фестывалю. На мой погляд, ён апошнімі гадамі стаў калі не аморфным, то расплыўся з пункту гледжання і часавых тэрмінаў, і прасторавых межаў, таму гледачам, якія прысутнічаюць на фестывалі, хацелася б прапанаваць больш кампактную структуру мерапрыемства. Як арганізатары мы пайшлі наступным шляхам: скарацілі колькасць дзён, і ў гэтым годзе «Славянскі базар» пройдзе з 11 да 15 ліпеня. Што да канкрэтных мерапрыемстваў, якія заўсёды былі часткай гэтага фестывалю, то мы іх таксама паспрабавалі больш кампактна размясціць у межах Віцебска», - растлумачыў міністр.

Акрамя гэтага, Барыс Святлоў пракаментаваў адмову арганізатараў ад правядзення на «Славянскім базары» Дзён культуры Беларусі, Расеі ды Украіны.

«Гэта звязана з тым, што апошнім часам стала досыць складана насычаць кожны дзень арыгінальнымі змястоўнымі нумарамі высокага мастацкага ўзроўню. На фестывалі ёсць дзень адкрыцця, дзень закрыцця, дзень «саюзнай дзяржавы», плюс да кожнага фестывальнага дню. З гэтай прычыны была прынятая пастанова, абсалютна правільная, на мой погляд, адысці ад эфекту малінавага джэма, які размазваецца па занадта вялікай паверхні, і аб’яднаць гэтыя Дні культуры ў адзін дзень. Такім днём абраны дзень «саюзнай дзяржавы - 12 ліпеня», - канстатаваў міністр культуры.

Адзначым, што, паводле інструкцый у барацьбе з афрыканскай чумой свіней, фестываль у Віцебску наогул павінен быць скасаваны.

Гэта вынікае як з ветэрынарна-санітарных правілаў, зацверджаных Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі ў 2009 годзе, так і з рэкамендацый для прадухілення распаўсюджвання АЧС 1980 года, якія да гэтага дзейнічаюць на тэрыторыі Расеі.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках