4 траўня 2024, Субота, 11:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пацыентка дзяржаўнай клінікі памерла пасля простай аперацыі

54
Пацыентка дзяржаўнай клінікі памерла пасля простай аперацыі

37-гадовая жыхарка Мядзельскага раёна Іна Лук’янец трапіла ў кому, і неўзабаве памерла пасля аперацыі ў Менскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні.

Цяпер у лячэбнай установе праводзяць расследаванне, гаворка ідзе пра верагодную халатнасць лекараў, піша onliner.by.

Крыніца, якая пажадала застацца ананімнай, паведаміла, што Іна Лук’янец патрапіла ў дарослае стаматалагічнае аддзяленне МАДКБ у чэрвені. У жанчыны былі траўмы пасля сваркі з мужам, зрэшты, пашкоджанні лёгкія, якія патрабуюць нескладанай аперацыі на сківіцы. Аднак, паводле інфармацыі крыніцы, анэстэзіёлаг няправільна выбраў метад падлучэння да апарата штучнага дыхання, увялі не тыя прэпараты. У выніку Іна запала ў кому. Ужо ў безнадзейным стане яе перавялі ў рэанімацыю Менскай абласной клінічнай бальніцы, а адтуль - дадому, у Мядзельскую лякарню. Там жанчына месяц праляжала на апаратах і 4 жніўня памерла. У Іны засталося двое непаўналетніх дзяцей.

«Лекары будуць як мага хаваць гэта. Але яны ведаюць, што ідзе расследаванне. Аперацыю праводзіў намеснік галоўнага лекара шпіталю», - паведаміла крыніца.

Гэта ўжо другі выпадак у МАДКБ за апошні час, калі пацыентка ўпадае ў кому пасля нескладанай аперацыі. Інфармацыю аб няўдалай пластычнай аперацыі, што абярнулася трагедыяй для 32-гадовай Вольгі Сукоры, апублікавалі ў траўні падчас ток-шоў «Адкрыты фармат» на ОНТ. Вось ужо 10 месяцаў дзяўчына знаходзіцца ў коме.

- Я першы раз пра гэта [пра смерць Іны Лук’янец] чую, - адказаў на пытанне журналіста галоўны лекар МАДКБ Дзмітрый Зайцаў. - Я мяркую, што гэта нейкая правакацыя. Нічога такога ў нас абсалютна не было. Я першы раз пра гэта чую. Такіх выпадкаў у нас не было.

- Пачакайце, а як жа сюжэт, які паказвалі на ОНТ? Бо гэта адбывалася ў вас у лякарні.

- Я тады хварэў. Тое, што было не пры мне, я не магу каментаваць. Я паўгода знаходзіўся на лісце непрацаздольнасці. Гэта было ў мінулым годзе. Наколькі я ведаю, пацыентка была ў абласной лякарні. Яе выпісалі, па-мойму. Яна дома. Там была энцэфалапатыя нейкая. А з нагоды комы, не комы, я сказаць не магу. А вашая гісторыя - гэта нейкая правакацыя. Што за глупства? Наогул пра гэта першы раз чую. Калі будуць так нагаворваць, то я маўчаць таксама не буду! Такой пацыенткі [Іны Лук’янец] у нас наогул не было!

Брат Іны Лук’янец, Барыс, цяжка перажывае смерць сястры. Ад размоў з журналістамі ён адмовіўся: «Пакуль не будуць гатовыя вынікі экспэртызы, я вам нічога не магу сказаць. Наконт лекараў я не ведаю, гэта вельмі складанае пытанне. Слізкае пытанне, наколькі я разумею. Але мне казалі, што ў МАДКБ вельмі добры хірург рабіў Іне аперацыю».

Нагадаем, некалькі месяцаў назад стала вядома аб смерці 23-гадовай Юліі Кубаравай. Дзяўчына памерла пасля правядзення пластычнай аперацыі ў цэнтры «Экамедсервіс» у Менску.

Пасля таго, як Лукашэнка запатрабаваў «самых жорсткіх» мераў у дачыненні да медработнікаў і адміністрацыі цэнтра, была прынятая пастанова аб распачынанні крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 162 КК Беларусі паводле факту неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі, што пацягнула з неасцярожнасці смерць пацыента.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках