19 траўня 2024, Нядзеля, 17:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Януш Анышкевіч: Сцэнар вучэнняў у Беларусі - вайна з НАТА

38
Януш Анышкевіч: Сцэнар вучэнняў у Беларусі - вайна з НАТА

Былы міністр абароны Польшчы занепакоены сумеснымі вучэннямі Беларусі і Расеі.

Януш Анышкевіч, які цяпер займае пасаду дарадцы кіраўніка абароннага ведамства, падкрэслівае, што сёння непасрэднай ваеннай пагрозы для Польшчы не існуе. Аднак, падставай для турботы з'яўляецца нарошчванне ваеннага патэнцыялу каля польскай мяжы - у Калінінградскай вобласці і ў Беларусі, а таксама маштабныя вучэнні расейскага войска, дзе адпрацоўваюцца наступальныя сцэнары.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Polskie radio.

«Вучэнні вельмі часта бываюць палітычным інструментам. Гэта пэўны сігнал. Таму нас турбуюць вучэнні, якія мелі месца ў Расеі і Беларусі, таму што іх сцэнар вельмі ясны. Гэта сцэнар вайны з НАТА. Але ў НАТА ніхто не мае намеру ваяваць ні з Расеяй, ні з Беларуссю», - заявіў былы міністр абароны Польшчы.

Інтэрв'ю, якое даў Януш Анышкевіч, было прысвечанае Дню Войска Польскага, які адзначаўся 15 жніўня, у гадавіну Варшаўскай бітвы.

«Я б сказаў, што гэта была перамога над бальшавікамі, але не над рускімі. Таму што ўдалося затрымаць іх распаўсюджванне на Сярэднюю і Заходнюю Еўропу. Гэта парадокс, і я гэта ведаю, але гэта было на карысць не толькі палякаў і немцаў, але таксама і рускіх, украінцаў і беларусаў. Вядома, для польскага войска гэты дзень - такі момант, у які можна задумацца над тым, чым польскае войска ёсць і чым будзе», - сказаў Януш Анышкевіч.

Былы міністр падкрэсліў неабходнасць мадэрнізацыі польскага войска і важнасць супрацоўніцтва краіны з НАТА.

Адзначым, што правядзенне вучэнняў «Захад-2013», якія запланаваныя на наступны месяц, выклікала непакой і сярод іншых суседзяў Беларусі.

Пакуль афіцыйнай інфармацыі пра сцэнар вучэнняў і сілы, якія ўдзельнічаюць у іх, недастаткова, аднак ёсць здагадка, што яны будуць нагадваць вучэнні «Захад-2009», якія выклікалі вялікі рэзананс. Тады ў вучэннях прынялі ўдзел больш за 12 тысяч вайскоўцаў, афіцыйна яны былі названыя абароннымі, закліканымі падтрымаць стратэгічную стабільнасць у рэгіёне. Аднак у іх сцэнары, паводле некаторых паведамленняў, быў прадугледжаны напад на тэрыторыю балтыйскіх краін і прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве.

Фота: wprost.pl

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках