2 траўня 2024, Чацвер, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раіса Баравікова: З мяне зрабілі «ворага народа»

17
Раіса Баравікова: З мяне зрабілі «ворага народа»

Паэтка распавяла, чаму выйшла з афіцыйнага Саюза пісьменнікаў.

Адразу пяцёра беларускіх літаратараў - Раіса Баравікова, Валерый Гапееў, Алена Масла, Аляксандр Наварыч і Андрэй Федарэнка - выйшлі з праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Што падштурхнула іх на такі крок? Якая атмасфера пануе ў пісьменніцкай арганізацыі, якую нязменна, з 2006 года, узначальвае Мікалай Чаргінец?

Пра гэта «Радыё Свабода» распавяла паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Раіса Баравікова.

- Раіса, вы былі ў Саюзе Чаргінца з дня яго заснавання, з 2006 года. Што здарылася, чаму вы вырашылі пакінуць гэтую арганізацыю?

- У сваёй заяве я напісала вельмі коратка: я беларуска, я ўсё жыццё змагалася за беларускую літаратуру, усімі магчымымі сродкамі яе рэкламавала. І таму з прычыны непаважлівага стаўлення да беларускай мовы і літаратуры пэўных асобаў з СПБ я проста не магу заставацца ў такой арганізацыі. У заяве я нават Пушкіна працытавала: «На жаль, я не магу сказаць: «Друзья мои, прекрасен наш союз». Усё ж такі, калі людзі збіраюцца ў саюз, гэта, як правіла, аднадумцы, аб'яднаныя адной ідэяй. У адным саюзе не можа быць, як у байцы Крылова: рак цягне назад, лебедзь - у неба, а хтосьці - яшчэ кудысьці. А тут...

Я ніколі не сутыкалася з тым, з чым сутыкнулася ў 2010 годзе. Здаецца, у расейскага пісьменніка Максімава ёсць твор, які называецца «Зазірнуць у бездань». Дык вось, у 2010-м я ўпершыню зазірнула ў бездань. А пачалося ўсё з таго, што ў №8 за 2009 г. часопіса «Маладосць», які я тады рэдагавала, было надрукаванае выдатнае апавяданне Андрэя Федарэнкі «Уначы». І вось раптам у Адміністрацыю прэзідэнта з Чашнікаў прыходзіць ананімка, якую пераслалі ў холдынг «Літаратура і мастацтва». І там я прачытала жудасныя словы: «Просім вас, хто мае дачыненне да пытання ідэалогіі, прачытаць гэты «шэдэўр» Федарэнкі. Як і дзе ў нашай краіне могуць быць такія героі? Яны могуць быць толькі ў вар'яцкай свядомасці хворага пісьменніка, хутчэй - ворага нашай краіны, нашага народа. А калі ты вораг, то чаму цябе друкуюць у дзяржаўным часопісе?». Для мяне гэта быў шок.

Потым мы надрукавалі выдатны гістарычны раман Леаніда Дайнекі «Назаві сына Канстанцінам». Адзін з герояў рамана - Канстанцін Астрожскі. І там апісаная бітва пад Оршай. Пасля публікацыі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі было зладжанае абмеркаванне часопіса «Маладосць». Запрасілі мяне на прэзідыум і раптам кажуць, што гэта антырасейскі раман, што Баравікова - ледзь не нацыяналістка!

Запрасілі мяне на прэзідыум і раптам кажуць, што гэта антырасейскі раман, што Баравікова - ці ледзь не нацыяналістка.

- Як вяло сябе кіраўніцтва СПБ на тым прэзідыуме адносна вас?

- Я не магу сказаць, што тактоўна. Абмеркаванне тычылася не толькі Дайнекі. Потым мяне абвінавацілі, што надрукавала раман Алены Брава «Менады і яе сатыры». А гэты раман быў перакладзены на рускую мову, надрукаваны ў Расеі і атрымаў нейкую прэмію! У Амерыцы гэты раман разам з іншымі творамі атрымаў прэмію «Залатая куля». І вось гэтыя кроплі крапалі-крапалі-крапалі... А потым на сайце псіхолага (ён так сябе пазіцыянуе) Аляксандра Новікава з'яўляецца жахлівы, неверагодна абразлівы матэрыял. Я магла падаць у суд на яго.

- Новікаў, наколькі я ведаю, член СБП. А што тычыцца яго сайта... На думку litkritika.by, лепшы паэт - Анатоль Рубінаў…

- І тым не менш, артыкул быў проста абразлівым, і я яшчэ тады хацела выйсці з саюза. Я ледзь сябе стрымлівала, нават многім пісьменнікам казала пра свой намер. Больш за тое, калі быў з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў, мы сустрэліся з Верай Вярбой, з якой доўгі час сябравалі. І яна мяне папракнула: «Як ты магла наогул уступіць у той саюз? Як ты можаш там знаходзіцца?». Я паабяцала ёй, што выйду. І цяпер я адчуваю сваю віну перад Верай, бо мінулым летам яна памерла.

- Вы вядомая паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы. Ваш выхад, думаю, павінен быў засмуціць кіраўніцтва СПБ. Ці былі нейкія спробы ўгаварыць вас застацца?

- Асаблівых спроб не было.

- Дык можа, старшыня СПБ Чаргінец узрадаваўся?

- Я не ведаю, наколькі узрадаваўся Мікалай Іванавіч, але мне сама размова ў яго кабінеце была не вельмі прыемнай. Я проста аддала заяву. Чаму я павінна нешта тлумачыць, што я ў чымсьці вінаватая? Я прыняла такое рашэнне. Я ж не дзяўчынка, я пражыла доўгае жыццё.

- СПБ існуе ўжо сёмы год. Каля 70% яго членаў - рускамоўныя. Прычым, яны даволі агрэсіўныя - як, напрыклад, Краснова-Гусачэнка з Віцебска або той жа Новікаў, рэдактар сайта litkritika.by. Ды і СПБ нязменна ўзначальвае Мікалай Чаргінец, які прынцыпова не размаўляе па-беларуску. Ці не падаецца вам, што саюз, з якога вы выйшлі, і ствараўся з мэтай падняць на катурны рускамоўную літаратуру ў Беларусі, а беларускую - зняважыць і ўтаптаць у бруд?

- У мяне часам узнікае такое адчуванне. Але мне здаецца, што тут усё нашмат прасцей - некаторым людзям хацелася стварыць сваё літаратурнае аб'яднанне. Магчыма, задумваўся саюз рускамоўных пісьменнікаў, якія пражываюць у Беларусі. Але што тады рабіць з беларускімі пісьменнікамі? І тады іх проста далучылі. Узнікла канкурэнцыя - вы ўспомніце, як спачатку адсочвалі, каб не выступалі ў школах і ВНУ пісьменнікі са старога саюза. Мне здаецца, што тады была нейкая самадзейнасць, менавіта для таго, каб зацвердзіцца. А што атрымалася ў выніку? У нас ніколі такога не было. Які вораг народа Федарэнка? А чаму з мяне зрабілі ворага народа, ды такога, што мяне трэба, прабачце, наогул саджаць у турму?

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках