4 траўня 2024, Субота, 12:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паслоў паслалі гандляваць

51
Паслоў паслалі гандляваць

За апошні час Лукашэнка двойчы заяўляў, што паслы павінны займацца прасоўваннем прадукцыі за мяжой.

З дыпламатаў робяць мэнэджэраў па продажах, піша «Белорусская деловая газета». Але ці ўратуе гэта сальда знешняга гандлю, якое катастрафічна абвалілася?

Амбасадараў збянтэжылі знешнім гандлем

У сераду, 11 верасня, прызначаючы новых амбасадараў Беларусі ў розных краінах свету, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што іх праца павінна прыносіць канкрэтныя вынікі для краіны не толькі ў сферы палітыкі, але перш за ўсё ў эканоміцы. Паводле яго слоў, ён ужо запланаваў на ліпень наступнага года маштабную сустрэчу з дыпламатычнымі работнікамі. «Гэта будзе прынцыповая размова не толькі з вамі, людзьмі, якія практычна за год да гэтай сустрэчы прызначаюцца, але і тымі, якія будуць прызначаныя ў кастрычніку-лістападзе», - сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў важнасць развіцця ўзаемадзеяння з такімі краінамі, як, напрыклад, Кітай або Венесуэла: «Тут і палітычныя пытанні важныя. Але важней за ўсё гандлёва-эканамічныя адносіны. Гэта галоўнае. І там, дзе мы можам і павінны палітычна гуляць важную ролю, усё роўна пытанні гандлю, эканомікі, інвестыцый і іншага з'яўляюцца найважнейшымі».

Тут кіраўнік і даў зразумець, што з гэтага часу асноўным заняткам беларускіх амбасадараў павінна стаць садзейнічанне продажам беларускіх тавараў. «Я падводжу вас да таго, што вы ўжо заўтра павінны неадкладна заняцца гэтымі пытаннямі і праблемамі. З міністра і прэм'ер-міністра я спытаю за тое, як амбасады за мяжой сталі перш за ўсё гандлёва-эканамічнымі прадстаўніцтвамі, парасонам для дзеяння прадпрыемстваў, міністэрстваў і ведамстваў па рэалізацыі нашай прадукцыі за межамі краіны», - сказаў Лукашэнка дыпламатам, якiя прызначаліся.

У папярэдні раз тыя ж самыя пастулаты прагучалі ў пятніцу, 6 верасня, калі Лукашэнка наведваў ААТ «Мотавела». Там, кажучы пра складанасці, якія ўзніклі з рэалізацыяй калійных угнаенняў, ён сказаў: «Ваша прамая задача - гандляваць. Якая праблема: у нас, напэўна, у 50 краінах свету ёсць прадстаўнікі на ўзроўні амбасадараў. Бярыце і гандлюйце калійнымі ўгнаеннямі, што ўжо і пачалі рабіць. ... Напружвацца павінны ўсе. Сёння ўсе намеснікі міністра замежных спраў ездзяць па краінах і вядуць за руку прадстаўнікоў Беларускай калійнай кампаніі для таго, каб заключыць дамовы і пераадолець гэты крызіс».

Між тым, з продажам прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў і на самой справе сітуацыя, мякка кажучы, сумная. Па дадзеных Нацбанка Беларусі, у студзені-чэрвені гэтага года таварная маса экспарту паменшылася на 22,3%, пры гэтым сярэднія кошты экспарту зменшыліся на 2,2%.

10 верасня на пасяджэнні прэзідыўма Савета міністраў Міхаіл Мясніковіч прызнаў : негатыўныя тэндэнцыі па аб'ёмах вытворчасці і рэалізацыі, а таксама запасах гатовай прадукцыі не паляпшаюцца, а кіраўнікі міністэрстваў і прадпрыемстваў па-ранейшаму не выконваюць даведзеныя да іх афіцыйныя паказчыкі па продажах.

На гэтым пасяджэнні міністр прамысловасці Зміцер Кацярыніч даў справаздачу «па пытаннях выканання даведзеных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2013 год, павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі і імпартазамяшчэння, а таксама ходу рэалізацыі планаў мадэрнізацыі падпарадкаваных Мінпраму арганізацый». Па словах кіраўніка Мінпрама, усё амаль добра: «З траўня гэтага года намецілася стабільная тэндэнцыя па зніжэнні складскіх запасаў. Па выніках года чакаецца зніжэнне амаль на 40% ад красавіцкага значэння. Пры гэтым суадносіны запасаў да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці складуць 111,8%». Пры гэтым, як сцвярджае Кацярыніч, прагнозныя паказчыкі псуюць валаўтваральныя прадпрыемствы - аўта- і сельгасмашынабудавання, металургіі.

«Спад дзелавой актыўнасці на міжнародных рынках металапрадукцыі ў 2013 годзе прывёў да зніжэння коштаў на металапрадукцыю БМК на асноўных рынках збыту СНД і далёкага замежжа. Увядзенне з 1 студзеня 2013 года ў РФ новых экалагічных нормаў Еўра-4 на грузавую тэхніку, зніжэнне ўзроўню мытных бар'ераў у сувязі з уступленнем Расеі ў СГА прывялі да ўзмацнення жорсткасці канкурэнцыі і падзення продажаў на традыцыйных рынках Расейскай Федэрацыі», - цытуе прэс-служба Саўміна кіраўніка Мінпрама.

Але ці змогуць амбасадары Беларусі ў розных краінах свету вырашыць праблему загружанасці складоў беларускіх прадпрыемстваў не самай якаснай, але досыць дарагой прадукцыяй? Прафесійныя дыпламаты ў сілу сваёй адукацыі «заточаныя» пад рашэнне палітычных пытанняў, пад аказанне дапамогі грамадзянам сваёй краіны за мяжой, пад вырашэнне рознага роду канфліктаў - але ніяк не пад гандаль. Для гэтага наогул існуюць асобныя структуры - гандлёвыя прадстаўніцтвы - і асобныя людзі, са спецыяльнай (знешнеэканамічнай) адукацыяй.

Вы ўяўляеце сабе амбасадара Расеі Аляксандра Сурыкава, які сабраў беларускіх бізнесменаў і прапануе ім купіць дзесяць вагонаў матрошак, так як у фабрыкі народных промыслаў у Разані затаварыліся склады і праблемы са збытам? Амбасадар, які гандлюе, выглядае смешна і недарэчна. Але стварэнне нармальных гандлёвых прадстаўніцтваў, іх напаўненне годнымі прафесіяналамі, патрабуе часу і грошай. Вялікіх грошай. Так што прасцей загадаць амбасадарам: «Гандлюйце, або жэстачайшэ пакараю!». Так і прасцей, і больш звыкла.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках