2 траўня 2024, Чацвер, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цэнтрабанк РФ рыхтуе шокавы сцэнар пры $60 за барэль

16
Цэнтрабанк РФ рыхтуе шокавы сцэнар пры $60 за барэль

У дадатак да трох існуючых ЦБ распрацоўвае варыянт дзеянняў у выпадку рэзкага падзення кошту на нафту, каб абмежаваць негатыўныя наступствы такога развіцця падзей.

Самы жорсткі, «стрэсавы» сцэнар грашова-крэдытнай палітыкі, які распрацоўваецца Цэнтральным банкам Расеі, прадугледжвае падзенне сусветных цэн на нафту да ўзроўню $60 за барэль. Раней кіраўніца Банка Расеі Эльвіра Набіуліна паведаміла, што рэгулятар прапрацоўвае чацвёрты, самы жорсткі сцэнар, аднак яна не назвала закладзены ў яго кошт на нафту, піша РБК.

Аб закладзенай у сцэнары цане на нафту агенцтву Інтэрфакс распавяла першая намесніца старшыні ЦБ РФ Ксенія Юдаева, пры гэтым яна ўдакладніла, што мэтай распрацоўкі з'яўляецца «намаляваць шокавы сцэнар, каб адпрацаваць нейкія дзеянні, якія трэба будзе праводзіць, каб абмежаваць негатыўныя наступствы».

«Я думаю, што можа быць кошт парадку $60. Нас папрасілі, каб мы рабілі шокавы сцэнар. Мы рабілі жорсткі, але верагодны, а нас прасілі шокавы, таму парадку $60 мы там закладзем», - сказала яна.

У праекце грашова-крэдытнай палітыкі Банка Расеі на 2015 год і перыяд 2016-2017 года, апублікаваным у верасні, апісаны тры сцэнары, у якіх закладзеныя здагадкі аб эканамічнай сітуацыі, уключаючы геапалітычныя рызыкі, замежныя фінансавыя ўмовы, цэны на энэрганосьбіты, падатковую палітыку ўрада.

Найбольш верагодны сцэнар развіцця падзей прадугледжвае паступовае аднаўленне сусветнай эканомікі і нязначнае зніжэнне коштаў на нафту. Пры гэтым большасць геапалітычных праблем развязваецца ў 2015 годзе, у тым жа годзе, паводле гэтага сцэнару, будзе адмененая вялікая частка ўзаемных санкцый. Гэты варыянт не прадугледжвае падвышэння падатковай нагрузкі на эканоміку. Мяркуецца, што кошт на нафту будзе паступова зніжацца з $106,5 за барэль у сярэднім з пачатку 2014 да $102,5 за барэль у сярэднім за год у 2017 годзе.

Пры рэалізацыі гэтага сцэнару развіцця, мяркуе ЦБ, эканоміка РФ вырасце на 0,9-1,1% у 2015 годзе, на 1,8-2% - у 2016 годзе і 2,2-2,5% - у 2017 годзе. Інфляцыя пры гэтым замарудзіцца да 4,5-5% у 2015 годзе (з чаканых звыш 7% у гэтым годзе) і да 3,7-4,2% ў 2016 і 2017 гадах.

У другім варыянце дынаміка коштаў на нафту захаваецца такой жа, як і ў базавым сцэнары, аднак разглядаецца верагоднасць захавання санкцый і абмежаванняў. Умовы трэцяга варыянту падобныя на другі, аднак у ім прадугледжаная верагоднасць, што за 2015-2017 гады нафта можа патаннець на $20 за барэль.

Акрамя таго, згодна з праектам да канца 2014 ЦБ завершыць пераход да рэжыму плаваючага валютнага курсу і спыніць выкарыстанне інтэрвалу дапушчальных значэнняў рублёвага кошту бівалютнага кошыка. Паводле планаў, дынаміка курсу будзе вызначацца рынкавымі фактарамі, а плаваючы курс стане стабілізатарам эканомікі. Так, напрыклад, умацаванне рубля пры росце цэн на экспартаваныя тавары будзе зніжаць рызыкі «перагрэву» эканомікі, а паслабленне рубля акажа падтрымку айчынным вытворцам. «Апроч павышэння кіравальнасці ставак грашовага рынку, вынікам пераходу да рэжыму плаваючага курсу стане памяншэнне адчувальнасці эканомікі да знешніх шокаў, адаптацыя да якіх будзе адбывацца за кошт змены валютнага курсу», - гаворыцца ў дакуменце.

У 2014 годзе Банк Расеі праводзіў значныя аб'ёмы валютных інтэрвенцый. За першыя сем месяцаў гэтага года ЦБ прадаў валюты на суму $40,9 млрд. Прычым амаль адну чвэрць з гэтай сумы - $11,3 млрд - Банк Расеі прадаў у панядзелак, 3 сакавіка, пасля таго, як Савет Федэрацыі дазволіў увод расейскіх войскаў ва Украіну.

Паводле прагнозу ЦБ, пераход да плаваючага валютнага курсу не стане прычынай значнага павелічэння валацільнасці курсу рубля, пры гэтым рэгулятар пакіне сабе магчымасць для правядзення валютных інтэрвенцый, але толькі ў выпадку ўзнікнення пагрозы для фінансавай стабільнасці краіны.

Раней са сваім сцэнарам выступіла Мінэканамразвіцця, прычым яно прадугледжвала падзенне коштаў на нафту да $91 за барэль. Міністэрства мяркуе, што эканоміка Расеі ў гэтым выпадку ўпадзе ў 2015 годзе на 0,6%, кошты вырастуць на 7,6%. Пры гэтым сярэднегадавы курс даляра складзе 40 рублёў. Паўгода таму стрэс-тэст эканомікі прадказваў прырост ВУП у 2015 годзе на 0,6%.

Фота: Кацярына Кузьміна/РБК

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках