4 траўня 2024, Субота, 12:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафесар Зубаў: Данецк і Луганск - гэта вельмі вялікі цяжар для Пуціна

9
Прафесар Зубаў: Данецк і Луганск - гэта вельмі вялікі цяжар для Пуціна

Час працуе, безумоўна, на Украіну як адзіную цэласную дзяржаву, мяркуе доктар гістарычных навук, прафесар МДІМС Андрэй Зубаў.

Пра гэта ён заявіў gordonua.com.

- Войска Расейскай Федэрацыі згодна з загадам Пуціна павінны быць адведзеныя ад мяжы, менавіта таму Барыс Нямцоў зрабіў выснову аб тым, што праект "Наваросіі" закрываецца. Ці можаце Вы пагадзіцца з гэтым пунктам гледжання?

- Першым праектам Пуціна была поўная дэстабілізацыя сітуацыі на Украіне і вяртанне яе ў прастору былога СНД. Гэтага не атрымалася. Другі праект - гэта раскол Украіны на 2 часткі з аднаго боку лаяльная да Расеі Наваросія, а іншая частка сама сабой ад эканамічных праблем загіне. Гэтага таксама не атрымалася, і ўжо ў траўні былі выступы і ў Адэсе, і ў Харкаве. А трэці праект - гэта спроба стварыць анклаў тыпу Прыднястроўя ў рамках паўднёвага ўсходу Украіны. Фактычна гэта таксама не атрымалася, бо ніякай Данецкай і Луганскай абласцей не выйшла, выйшаў абсалютна невялікі кавалак, эканамічна абсалютна неплатаздольны, і які патрабуе вельмі вялікіх укладанняў грошай, бо там усё разбурана, эканоміка разбураная і людзей шмат жыве.

- Але ж гэта стала зразумела даўно...

- Мне здаецца, што праект Наваросіі закрылі яшчэ дзесьці ў чэрвені месяцы. Пасля поспеху Парашэнкі на выбарах стала зразумела, што насельніцтва гэтай так званай расейскамоўнай часткі Украіны ўсё роўна належыць да Украіны, а не да Расеі. У гэтым сэнсе гэты праект ужо даўно не праводзіцца. Але цяпер закрыты і трэці праект. Пуцін знаходзіцца перад вельмі складанай праблемай, бо яму не патрэбныя ні Данецк, ні Луганск. Наадварот, ва ўмовах рэцэсіі, у якую эканамічна апускаецца Расея, выкліканай шмат у чым санкцыямі, падзеннем кошту нафты, гэта вельмі цяжкі цяжар. І Крым вельмі цяжкі цяжар, але Данецк і Луганск разам большы і цяжэйшы цяжар. Так што ад іх трэба неяк пазбавіцца. У Расею іх уключаць ніхто не збіраецца, гэта немагчыма. Цяпер галоўная мэта Пуціна - гэта зняць з Расеі санкцыі. Прынамсі, іх аслабіць. А для гэтага трэба як мінімум выканаць менскае пагадненне. Але гэта першы крок і трэба ісці далей.

- А ці не выкліча такая пастанова незадаволенасць сярод расейскіх нацыяналістаў, якія выступаюць за ідэю аднаўлення Расейскай імперыі? Наколькі гэта небяспечна для самога Пуціна і ўсёй крамлёўскай улады?

- Што рабіць, калі большая частка насельніцтва Расеі наэлектрызаваная гэтымі нацыяналістычнымі заклікамі? Калі цяпер Пуцін, як кажа Стралкоў, "здае" Наваросію, то тады гэта насельніцтва выступіць супраць Пуціна, бо яны не за Пуціна персанальна, яны за ідэю адраджэння імперыі. Калі Пуцін адцураецца гэтай ідэі, яны адвернуцца ад Пуціна. Так што напраўду Пуцін цяпер загнаў сябе ў кут, і развязання гэтай праблемы няма, на мой погляд, такога развязання, якое дазволіць захаваць уладу, а Расеі выкруціцца з-пад санкцый нават коштам аддачы Данецка і Луганска. Тое, што было пасеяна ў лютым-сакавіку ўзышло цяпер. Расея агулам знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай сітуацыі, а крамлёўскі рэжым знаходзіцца ў вельмі складанай палітычнай сітуацыі. Ён практычна не можа кіраваць далей так, як ён гэта рабіў раней.

- Аднак, варта сказаць, што само насельніцтва ДНР і ЛНР у большасці сваёй падтрымлівае прарасейскі курс. Як пераламаць гэтую сітуацыю?

- Насельніцтва "ДНР" і "ЛНР" падтрымлівае прарасейскі курс, бо яны адрэзаныя ад украінскіх СМІ, ім паказваецца маскоўская і мясцовая "ДНРаўская" прапаганда. Калі б яны ўбачылі свет шырэй, то сітуацыя была б іншай. Не тое, каб усе былі за Украіну, але, прынамсі, больш было б людзей за Украіну. Акрамя таго, не будзем забываць, што ДНР і ЛНР хочуць не ў Расею. Гэтак жа, як і Крым, яны хочуць у Савецкі Саюз. Але Савецкага Саюза ўсё ж няма, і таму яны трапяць зусім не туды, куды хацелі.

- Ці дапаможа Украіне новая Бэрлінская, ці я б яе назваў Данбаская сцяна?

- Што да мяжы, то, вядома, цяпер трэба добраўпарадкоўваць гэтую новую лінію проста для таго, каб не было пранікнення сепаратысцкіх сіл у іншыя раёны паўднёвага ўсходу. Гэта значыць, гэта не столькі мяжа, колькі вайсковая абарончая лінія. Па-мойму, прэзідэнт Парашэнка дакладна сказаў некалькі дзён таму, што ніводнага кіламетра ўкраінскай тэрыторыі мы нікому не збіраемся аддаваць ні ў Крыме, ні на паўднёвым усходзе, ні дзе-небудзь яшчэ. Час працуе, безумоўна, на Украіну як адзіную цэласную дзяржаву. Час не працуе цяпер на гэтыя анклавы, на плён расейскай агрэсіі і на пуцінскі рэжым. Таму цяпер трэба цярпенне, мужнасць, цвёрдасць і разумная дыпламатычная дзейнасць. Але не саступаць нічога, і тады вы нічога не страціце. Я чуў ад некаторых украінскіх калегаў: "Давай аддамо Крым і Данбас. Галоўнае, каб астатняя Украіна развівалася ў бок Еўропы, а яны хай сядзяць, дзе хочуць". Гэта няправільная пазіцыя. Дзейнічаць мы павінны, і тады я ўпэўнены, што будучыня будзе вельмі перспектыўнай для Украіны.

Фота: РІА «Новости»

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках