Украіна, Расея і ЕЗ дамовіліся аб транзіце газу
8- 31.10.2014, 8:05
- 14,241
Украіна, Еўрапейскі звяз і Расея дасягнулі дамоўленасцей на газавых перамовах.
Бакі падпісалі дакументы, якія прадугледжваюць аднаўленне паставак расейскага газу Украіне і забеспячэнне бесперабойнага транзіту ў Еўропу зімой, паведамляе «Еўрапейская праўда».
У прыватнасці, Расея, Украіна і Еўракамісія падпісалі трохбаковы пратакол, зафіксаваўшы дамоўленасці ў пастаўках ва Украіну расейскага газу цягам зімовага сезону 2014-2015 гадоў.
Подпісы пад дакументам паставілі міністры энэргетыкі РФ і Украіны Аляксандр Новак і Юры Продан і віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі, адказны за энэргетыку, Гюнтэр Этынгер.
Акрамя таго, «Газпрам» і «Нафтагаз Украіны» падпісалі дапаўненні да кантракту, зафіксаваўшы ўмовы паставак расейскага газу ў перыяд да канца сакавіка.
Дакумент падпісалі кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер і кіраўнік «Нафтагаза» Андрэй Кобалеў.
«Бакі абавязваюцца цалкам выконваць умовы дасягнутага пагаднення. Ніхто ад перабояў паставак газу не выйграе. Неабходна паважаць інтарэсы бакоў», - сказаў прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў трохбаковых газавых перамоваў.
Як адзначыў еўракамісар у пытаннях энэргетыкі Гюнтэр Этынгер, Украіна гатовая неадкладна аплаціць 1,4 млрд запазычанасці і $1,65 млрд - да канца года.
З ягоных слоў, Украіна зможа да канца сакавіка атрымліваць расейскі газ коштам 385 за 1 тыс. кубаметраў ці ніжэй.
«Украіна атрымае дапамогу ЕЗ і МВФ сёлета. Таксама ЕЗ і МВФ разглядаюць новую праграму дапамогі Украіне на 2015 год. Усё гэта дазволіць ёй аплаціць усе яе рахункі за газ», - сказаў Этынгер.
Міністр энэргетыкі Украіны Юрый Продан, са свайго боку, адзначыў, што подпіс Еўракамісіі пад «газавым пакетам» будзе гарантыяй ягонага выканання. Таксама ён выказаў упэўненасць, што канчатковая пастанова ў газавым пытанні будзе прынятая ў Стакгольмскім арбітражы.