19 сакавiка 2024, aўторак, 10:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэры G20 запатрабавалі ад Пуціна сысці з Украіны

73
Лідэры G20 запатрабавалі ад Пуціна сысці з Украіны

У адваротным выпадку Расею чакаюць новыя санкцыі Захаду.

Прэзідэнт РФ у Аўстраліі апынуўся пад шквалам папрокаў з боку заходніх дзяржаў. Усе яны былі звязаныя з роляй Масквы ў канфлікце на ўсходзе Украіны, паведамляе BBC.

Канадскі прэм'ер-міністр Стывен Харпер сказаў Уладзіміру Пуціну падчас рукання, што Расеі трэба «прыбірацца з Украіны».

Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што агрэсія Масквы супраць Украіны з'яўляецца пагрозай ўсяму свету, а брытанскі прэм'ер Дэвід Кэмеран прыгразіў новымі санкцыямі ў выпадку, калі Расея не спыніць дэстабілізаваць сітуацыю на Украіне. З ягоных слоў, стасункі паміж Еўропай і Расеяй стануць зусім іншымі, калі расейскія вайскоўцы будуць па-ранейшаму заставацца на тэрыторыі сумежнай дзяржавы.

Двухдзённы саміт, што праходзіць у аўстралійскім Брысбене, галоўным чынам факусуецца на пытаннях эканамічнага росту. Чакаецца, што лідэры вядучых сусветных дзяржаў дамовяцца аб рэалізацыі планаў, узгодненых міністрамі «Вялікай дваццаткі» ў лютым. Гэтыя планы ставяць сваёй мэтай забяспечыць рост сусветнай эканомікі на 2% у наступныя пяць гадоў.

Ледзяны поціск рукі

Аднак практычна ўвесь першы дзень саміту прайшоў пад знакам падзей на ўсходзе Украіны, дзе прарасейскія сепаратысты пры падтрымцы з Масквы вядуць барацьбу супраць урадавых войскаў.

Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Крэмль у перакідцы ў зону канфлікту вайскоўцаў і ўзбраенняў. Масква катэгарычна адмаўляе гэтыя абвінавачванні, сцвярджаючы, што расейскія грамадзяне, якія змагаюцца на ўсходзе Украіны - гэта добраахвотнікі або, у крайнім выпадку, вайскоўцы, якія знаходзяцца ў адпачынку.

На саміце ў Брысбене асабліва халоднай была сустрэча Пуціна і канадскага прэм'ера Стывена Харпера. «Я пацісну вам руку, але сказаць я вам магу толькі адну рэч - вам трэба прыбрацца з Украіны», - так перадаў прэс-сакратар Харпера ягоныя словы, адрасаваныя Пуціну.

Як паведаміў у сваю чаргу прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, Пуцін нібыта адказаў на гэта Харпер «На жаль, гэта немагчыма зрабіць, таму што нас там няма».

Брытанскі прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран правёў гутарку з воку на вока з Уладзімірам Пуціным. Як паведаміў пасля сустрэчы Дзмітрый Пяскоў, тэма Украіны «была фактычна адзінай» падчас гутаркі.

«Мы хочам бачыць з боку Расеі павагу да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і права гэтай краіны на выбар сваёй будучыні - сказаў ён. - Аднак, калі Расея будзе надалей дэстабілізаваць Украіну, і мы па-ранейшаму будзем сведкамі таго, як на тэрыторыі Украіны знаходзяцца расейскія вайскоўцы і танкі, то стасункі паміж Еўропай і Брытаніяй, з аднаго боку, і Расеяй - з другога, будуць ужо зусім іншымі. Узрасце таксама магчымасць увядзення новых санкцый».

Як паведаміў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта, Пуцін і Кэмеран гаварылі і аб фундаментальных прычынах цяперашняга разладу ў стасунках паміж Расеяй, ЗША і шэрагам еўрапейскіх краін.

Абодва яны адзначылі сваю зацікаўленасць «у рэстаўрацыі гэтых стасункаў і прыняцці дзейсных мер па ўрэгуляванні крызісу, што будзе спрыяць адмове ад канфрантацыйных стасункаў», - заявіў Пяскоў.

Але, як падкрэсліў Кэмеран, Расея павінна прызнаць, што ва Украіне ёсць толькі адзін законны ўрад. Пакуль жа ўрад Пуціна рухаецца ў няправільным кірунку, дадаў ён.

Раней, выступаючы ў аўстралійскім парламенце, брытанскі прэм'ер заявіў, што дзеянні Расеі ў дачыненні да Украіны непрымальныя і нагадваюць вядомыя гістарычныя падзеі.

«Мы бачым, як адна буйная дзяржава ў Еўропе здзекуецца над меншай краінай. Мы ўжо бачылі ў мінулым, да якіх наступстваў гэта прыводзіць. Нам трэба зрабіць высновы з урокаў гісторыі і забяспечыць, каб такое ніколі больш не паўтарылася», - сказаў Дэвід Кэмеран.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама сказаў, што ягоная краіна знаходзіцца на пярэднім краі ў супрацьдзеянні расейскай агрэсіі супраць Украіны, якая нясе пагрозу ўсяму свету. Дзеянні Расеі ў стасунках да свайго суседа Абама назваў жахлівымі.

Раней аб магчымасці ўвядзення дадатковых індывідуальных санкцый ЕЗ у дачыненні да Расеі паведаміла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. «Гэтая сітуацыя нездавальняючая. Спіс новых асоб знаходзіцца на парадку дня» - цытуе Мэркель агенцтва Reuters.

У рамках саміту ў Брысбене Уладзімір Пуцін таксама правёў сустрэчу з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.

«Вельмі доўгая размова адбылася з прэзідэнтам Францыі - распавёў Пяскоў. - Дамінавала ўкраінская праблематыка. Было падкрэслена, што ад сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, ад антырасейскіх санкцыйных мер, па сутнасці, пакутуюць усе бакі».

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках