2 траўня 2024, Чацвер, 11:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Іларыёнаў: Не ўпэўнены ў незалежнасці Беларусі пасля 25 траўня

61
Андрэй Іларыёнаў: Не ўпэўнены ў незалежнасці Беларусі пасля 25 траўня

Былы дарадца Пуціна распавёў пра тое, як Расея мае намер захапіць усходнюю Украіну і што пагражае Беларусі.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» Андрэй Іларыёнаў пракаментаваў заяву былога міністра абароны Украіны Яўгена Марчука, які ўчора распавёў аб небяспечнай канцэнтрацыі расейскіх войскаў.

«Ваеннае ўварванне будзе тады, калі «пуцінскія турысты» і так званыя прыхільнікі руху «Руская вясна» створаць плацдарм у выглядзе захопу адміністрацый або захопу ўлады ў адным або некалькіх рэгіёнах Украіны. Гэта будзе зроблена для таго, каб легітымізаваць уваход расейскіх войскаў. Толькі ў гэтым выпадку, мне здаецца, магчымая аперацыя ўварвання. Калі гэтага не будзе зроблена, я сумняваюся, што Пуцін пойдзе на ўварванне.

У чым Яўген Марчук можа быць мець рацыю, то ў тым, што наступныя дні сапраўды могуць быць вельмі цяжкімі і напружанымі, але не з пункту гледжання прамой інтэрвенцыі, а з пункту гледжання развіцця спецаперацыі. Спачатку - спроба дэстабілізацыі, спроба арганізацыі грамадзянскага супрацьстаяння, атакі на будынкі адміністрацыі, міліцыі, пракуратуры, службаў бяспекі, судоў, радыё- і тэлестанцый, іншых СМІ, арганізацый, якія забяспечваюць сувязь, і іншых інфраструктурных аб'ектаў. Калі гэтыя аперацыі будуць паспяховымі, тады да іх могуць быць падлучаныя расейскія войскі. Калі ж гэтыя аперацыі не будуць паспяховымі ці Пуцін палічыць, што яны недастаткова паспяховыя, то ўварванне на гэты раз атрымаецца адкласці», - заявіў Андрэй Іларыёнаў.

Ён падкрэсліў, што не лічыць дзеянні ўладаў Украіны адэкватнымі пагрозе.

«Цяперашняя ўкраінская ўлада працуе сумесна з Пуціным па здачы асобных частак Украіны. У мяне гэта ўражанне склалася некалькі тыдняў таму, і з кожным днём яно толькі ўзмацняецца. Я прашу прабачэння за такі шчыры тэкст, але ў мяне няма іншых слоў, каб ахарактарызаваць тое, як здаўся Крым.

Я не буду казаць аб канкрэтных асобах, паколькі гэта справа ўкраінцаў - вызначаць меру асабістай адказнасці таго ці іншага чалавека. Але мне не прыходзіць у галаву іншага прыкладу настолькі грандыёзнага адкрытага працэсу здачы гіганцкай тэрыторыі з насельніцтвам, узброенымі сіламі, умацаваннямі, ваенна-марскім флотам без якіх-небудзь спробаў супраціву», - адзначыў ён.

Андрэй Іларыёнаў таксама распавёў аб наступствах удзелу Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны.

«Па-першае, гэта адразу ператварае ўсю беларуска-украінскую мяжу ў мяжу патэнцыйнага канфлікту. Другое. Гэта адразу псуе яго і так не бліскучыя адносіны з Захадам і большай часткай знешняга свету. Ён асуджае сябе на зусім іншы ўзровень ізаляцыі. Хоць ён і цяпер не можа пахваліцца вельмі добрымі адносінамі з навакольным светам, але ўсё тое, што было і яшчэ будзе ўжыта ў дачыненні да Расеі, будзе дакладна выкарыстана і супраць Беларусі, але толькі памножанае на дзесяць. Калі заходнія краіны яшчэ ў чымсьці асцерагаюцца або саромеюцца прымяніць такія меры да Пуціна, то ўжо сапраўды іх не будзе нічога стрымліваць у дачыненні да Беларусі і Лукашэнкі. І трэцяе - самае галоўнае. Пускаючы расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі і даючы ім магчымасць дзейнічаць, Лукашэнка адкрывае ім магчымасць пасля маршу на Кіеў зрабіць марш на Менск.

Уласна кажучы, ніхто не можа выключаць, што «раптам» не знойдуцца выпадкі «пераследу рускамоўных на тэрыторыі Беларусі, і пацярпелых грамадзян Расеі». Лукашэнка такім рашэннем на пустым месцы адкрыў бы тры новых франты. Прычым трэці фронт накіраваны непасрэдна супраць яго самога», - заявіў Андрэй Іларыёнаў.

Эксперт падкрэсліў, што ў Пуціна ёсць план анэксіі Беларусі.

«Глядзіце, ён жа пра гэта сказаў 18 сакавіка ў сваёй знакамітай прамове. Там шмат ёсць адсылак, але ў адным з першых абзацаў ён кажа пра тое, што «хрышчэннем князя Уладзіміра была створаная база для адзінага народа Расеі, Украіны і Беларусі». І неаднаразова было сказана, што «вялікі і адзіны народ працягвае заставацца раз'яднаным». Таму яго задача, як ён яе бачыць, складаецца ў тым, каб аб'яднаць раз'яднаны народ, - кажа Андрэй Іларыёнаў. - Я б так сказаў - на працягу двух дзён пагрозы незалежнасці Беларусі няма. Я б нават рызыкнуў выказацца, што, магчыма, да 25 траўня ў вас ёсць яшчэ паўза. А вось далей я б не стаў прагназаваць».

Андрэй Іларыёнаў, які быў дарадцам Уладзіміра Пуціна падчас першага прэзідэнцкага тэрміну і ў пачатку другога (2000-2005), яшчэ ў кастрычніку 2013 года заявіў: прэзідэнт Расеі лічыць, што частка Украіны павінна належаць Расеі. Менавіта Іларыёнаў прагназаваў, што ў планах Уладзіміра Пуціна - пачатак грамадзянскай вайны ва Украіне і захоп часткі тэрыторыі. Іларыёнаў жорстка крытыкуе новыя ўкраінскія ўлады за непрыманне ваеннага супрацьстаяння з Расеяй і здачу Крыма.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках