1 траўня 2024, Серада, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Севярынец вярнуўся ў Пружаны з кнігай

4

У Пружанах адбылася прэзентацыя кнігі былога палітвязня Паўла Севярынца «Беларуская глыбіня».

Каля 30 пружанцаў прыйшлі на сустрэчу з сустаршынёй БХД Паўлам Севярынцам, які прадставіў сваю кнігу, напісаную «на хіміі» ў спецкамендатуры Купліна каля Пружанаў. Нямала прысутных апынуліся героямі кнігі і атрымалі яе ў падарунак, перадае «Радыё Свабода».

Сустрэча праходзіла ў прыватным доме актывістаў ТБМ. Як распавёў Павел Севярынец, спачатку мерапрыемства планавалі правесці ў музеі, але там атрымалі адмову. Таму не змаглі пабываць на прэзентацыі жыхары суседніх Бярозы і Івацэвічаў - месца было мала.

Падчас прэзентацыі Павел Севярынец распавёў, чым адрознівалася адбыванне ім пакарання ў Малым Сітне на поўначы Беларусі і ў пружанскім Купліне.

«У Пружанах жывая вера. Тут больш веры, тут больш беларускай мовы, тут усё больш светлае... Гэта адчуванне святла давала больш творчага натхнення», - сказаў былы палітвязень.

Кніга «Беларуская глыбіня», распавёў Павал Севярынец, выйшла невялікім тыражом у 250 асобнікаў, але яшчэ будзе дадрукоўвацца. Палітык распавёў, што з распаўсюджваннем праз афіцыйныя друкарні ёсць цяжкасці, таму прасцей купіць кнігу будзе менчукам.

Пасля прэзентацыі ў Пружанах Павел Севярынец заехаў у спецкамендатуру ў Купліне, для бібліятэкі якой таксама падарыў некалькі асобнікаў сваёй кнігі.

Пад час прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Павел Севярынец быў актывістам штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Абвінавачаны ў арганізацыі «масавых беспарадкаў» і ўдзеле ў іх. Пазней справу перакваліфікавалі на «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

16 траўня 2011 суддзя Заводскага суда Менска Жанна Брысіна асудзіла Севярынца на 3 гады так званай «хіміі» - абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Трохгадовае пакаранне адбываў у спецкамендатуры Куплін каля Пружанаў.

На «хіміі» Севярынец і напісаў сваю кнігу, яна складаецца з эсэ пра беларускую глыбінку, гісторый, людзей Пружаншчыны і Брэстчыны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках