4 траўня 2024, Субота, 12:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Слуцка дамогся змены імя з Сяргей на Сяржук

27
Жыхар Слуцка дамогся змены імя з Сяргей на Сяржук

Да свайго 25-годдзя жыхар Слуцка Сяргей наважыў зрабіць сабе падарунак - змяніць імя на беларускае.

Супрацоўнікі ЗАГСа спачатку падумалі, што ён жартуе, а пасля адправілі хлопца ў Акадэмію навук, піша «Салiдарнасць».

- Патрыятычныя памкненні ў мяне даўно былі. Я люблю беларускую культуру, ганаруся тым, што беларус, і думка пра тое, каб змяніць імя, у мяне з'явілася яшчэ гады два таму. А тут акурат тэрмін дзеяння пашпарта сканчаўся, і я наважыў рэалізаваць сваю ідэю, - распавёў Сяржук. - Мне здавалася несправядлівасцю, што ў нас Змітра запісваюць Дзмітрыем - карацей, пішуць у пашпарты расейскія варыянты імёнаў.

Супрацоўніцы ЗАГСа спачатку падумалі, што я жартую. Калі яны зразумелі, што ў мяне сур'ёзны намер, параілі звярнуцца ў Акадэмію навук па даведку, што такое імя існуе.

Сяргей быў упэўнены: ён першы, хто мяняе імя на беларускае.

- Як жа я здзівіўся, калі даведаўся, што мне трэба. Супрацоўніца Акадэміі навук адкрыла на кампутары гатовы бланк і пачала ўводзіць мае звесткі. Спытаў, ці ж не адзін я такі. Ды не, кажа, вось надоечы звяртаўся яшчэ адзін Сяргей, таксама Сержуком стаць хацеў, - распавёў ён.

Пасля дакумэнты адправілі ў Міністэрства юстыцыі, і праз пэўны час Сяргей атрымаў адказ, што ягоны зварот разгледзелі, і яму дазваляюць змяніць імя.

- Шчыра кажучы, я чакаў, што будуць праблемы, але выйшла наўздзіў проста. Пацешныя пытанні накшталт "А ты падумаў пра дзяцей?» мне задавалі знаёмыя і супрацоўнікі ЗАГСа. На маю думку, гэта сведчыць аб тым, што беларусы звыклі бачыць свет па-расейску, у іх не працуе беларускае мысленне. Людзі не разумеюць, як можна жыць з імем Сяржук.

Супрацоўнікам ЗАГСа я сказаў, што сваіх дзяцей назаву не Ванем, Пецем або Сашам. Можа, у мяне сын будзе Францішак?

Я нікога не прымушаю называць мяне Сяржук, бо гэта неразумна. Людзі, якія мяне знаюць шмат гадоў, прывыклі звяртацца да мяне як да Сяргея. Але як ні дзіўна, многія знаёмыя падхапілі маё новае імя і вельмі пазітыўна яго ўспрымаюць. Нават тыя, хто не размаўляе па-беларуску, нічога супраць не маюць, ня кпяць з гэтага. І мама паставілася з разуменнем да майго ўчынку. Дарэчы, адзін знаёмы хоча скарыстацца маім досведам і таксама памяняць імя на беларускае.

У штодзённым жыцці Сяргей карыстаецца дзвюма мовамі - расейскай і беларускай. Надоечы хлопец абараніў дыплом па-беларуску.

- Сёлета я скончыў Міжнародны гуманітарны эканамічны інстытут на спецыяльнасці «паліталогія». Чалец камісіі з Міністэрства адукацыі вельмі ўзрадаваўся, прачытаўшы тэму майго дыпломнага праекта «Нацыяналізм у 19-м стагоддзі». Маўляў, я хоць пагавару па-беларуску. Атрымаў дзясятку.

Сяргей уважае сябе за нацыяналіста. На ягоную думку, улады павінны спрыяць умацаванню нацыянальнай ідэі:

- Аб'яднаць беларусаў могуць агульныя вартасці - мова, культура. Я перакананы: гэта адзіны гарант бяспекі нацыі. Раскруткай нацыянальнай ідэі павінна займацца дзяржава, бо нават у самых ініцыятыўных беларусаў няма столькі рэсурсаў, каб паўплываць на сітуацыю ў грамадстве.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках