1 траўня 2024, Серада, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія музыкі выступяць на Vilnius Music Week

Беларускія музыкі выступяць на Vilnius Music Week

4-7 верасня ў Вільні пройдзе трэці міжнародны шоўкейс-фестываль Vilnius Music Week.

Паглядзець на маладых музыкаў і ўзяць удзел у канферэнцыі прыедуць госці з Францыі, Ісландыі, Нямеччыны, Фінляндыі, Нідэрландаў, Расеі ды іншых краін, паведамілі charter97.org арганізатары.

У гэтым годзе фестываль пройдзе на васьмі пляцоўках горада. Мерапрыемства традыцыйна паказвае цікавых новых артыстаў з краін Балтыі і Усходняй Еўропы. Акрамя удзельнікаў з Літвы ў гэтым годзе выступяць Carnival Youth і Astro'n'Out з Латвіі, Odd Hugo і Wurfell з Эстоніі, Rebeka і Non Human Persons з Польшчы, Tape Flakes з Украіны, Jennie Abrahamson са Швэцыі ды іншыя госці.

Важнай часткай Vilnius Music Week стане Loftas Fest, які пройдзе з 4 да 6 верасня на базе клуба і фабрыкі мастацтваў Loftas. Яго хэдлайнерамі будуць Darkside (Нікалас Джаар і Дэйв Харынгтан, ЗША), BRNS (Бэльгія), When Saints Go Machine (Данія), RSD, Kaiju, Leon Switch (Вялікабрытанія), Bonafide3000 (Ізраіль), Leon Somov & Jazzu (Літва). Уваход на Loftas Fest, у адрозненне ад астатняй праграмы, платны.

Беларусь на Vilnius Music Week у гэтым годзе будуць прадстаўляць электронны праект ((O)), чый альбом "Forever I Am" (2013) атрымаў "Прыз замежных экспэртаў" на ўзнагародах Experty.by; а таксама гурт Super Besse, які ў гэтым годзе пры падтрымцы Experty.by ужо пабываў на Tallinn Music Week (Эстонія) і Positivus Festival (Латвія). Абодва беларускія калектывы спачатку выступяць на гарадскіх сцэнах (5 верасня), а затым возьмуць удзел у Loftas Festival (6 верасня).

- Для нас важна кожны раз збіраць найлепшых новых артыстаў, паказваць, што на ўзроўні невялікіх краін Усходняй Еўропы ёсць цікавая музыка, якая заслугоўвае ўвагі на вялікім еўрапейскім рынку, - кажа кіраўнік Vilnius Music Week Лаўрас Лучунас. - Беларусь у гэтым плане нічым не горшая ад сваіх суседзяў і я рады, што прадстаўніцтва вашай краіны на міжнародных мерапрыемствах апошнім часам расце.

Акрамя гэтага ў рамках Vilnius Music Week пройдзе традыцыйная канферэнцыя музычных спецыялістаў, на якой сваім досведам падзеляцца арганізатары фестываляў і канцэртаў, прадзюсары і мэнэджэры артыстаў, вядомыя музычныя журналісты. Будуць прадстаўлены фестывалі Eurosonic (Нідэрланды), Europavox (Францыя), Stereoleto (Расея), Iceland Waves (Ісландыя), канферэнцыя Music & Media (Фінляндыя), лэйблы Rumrak (Данія), I Love You Records (Латвія), Playground Music (Швэцыя ) ды іншыя арганізацыі.

Квіткі на Loftas Fest на TicketPro.by:

абанемент на тры дні - танцпол ад 477 тысяч рублёў, VIP 890 тысяч рублёў.

4 верасня (Darkside) - танцпол 400 тысяч рублёў., VIP 680 тысяч рублёў.

5 верасня (When Saints Go Machine) - танцпол 298 тысяч рублёў, VIP 488 тысяч рублёў.

6 верасня(Leon Somov & Jazzu) - танцпол 298 тысяч рублёў, VIP 488 тысяч рублёў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках