28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Гуркоў: Самае галоўнае - перамагчы страх

20
Віталь Гуркоў: Самае галоўнае - перамагчы страх

27 сакавік дзесяціразоваму чэмпіёну свету ў тайскім боксе Віталю Гуркову спаўняецца 30 гадоў.

Віталь Гуркоў - заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, першы спартовец, які стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча. Прэмія была заснаваная ініцыятывай «Хартыя-97» у 1998 годзе. За 17 гадоў яе атрымалі блізу 100 мужных беларусаў - актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў, музыкаў, мастакоў - людзей, якія змагаюцца за лепшую будучыню Беларусі.

Віталь Гуркоў быў узнагароджаны прэміяй у намінацыі «За смеласць у творчасці». Сёння ён з'яўляецца кумірам беларусаў не толькі праз спартыўныя дасягненні. Гуркоў адкрыта выказваецца ў падтрымку свабоды Беларусі, ягоны герой - Кастусь Каліноўскі, ягоны сцяг - бел-чырвона-белы, а родная мова - беларуская. Нядаўна спартовец стаў удзельнікам новага гурту Сяргея Міхалка BRUTTO і выканаў песню з прароцкай назвай «Наша возьме!».

Праз удзел у спартыўных спаборніцтвах Віталь Гуркоў не змог прысутнічаць на цырымоніі ўручэння Нацыянальнай прэміі, але напярэдадні спартовец наведаў офіс charter97.org у Варшаве, дзе галоўная рэдактарка сайта Наталля Радзіна ўручыла яму прэмію «Хартыі-97». Павіншаваць спартоўца прыйшлі беларусы Варшавы.

Галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна ўручыла Віталю Гуркову прэмію ў намінацыі «За смеласць у творчасці»

- Было нечакана трапіць у адзін шэраг з людзьмі, якія звязаныя з палітыкай і якія рызыкуюць сваім жыццём і свабодай. Сам я далёкі ад палітыкі, хоць яна ўсё роўна заўсёды побач, - сказаў Віталь Гуркоў у інтэрв'ю charter97.org.

- Тым больш сёння, калі ідзе вайна на Украіне, існуе вялікая пагроза незалежнасці Беларусі.

- Так. Калі я бачу, што адбываецца ў суседняй Украіне, мне, напрыклад, страшна, што такі сцэнар можа адбыцца таксама і ў нас.

- Многія, у тым ліку спартоўцы, мяркуюць за лепшае не заўважаць таго, што адбываецца, жывуць нібы на іншай планеце.

- Потым яны зразумеюць, што ўвесь час былі ў ружовых акулярах. Ёсць такая катэгорыя людзей, якія не пачнуць думаць, пакуль нешта не здарыцца. Як гэта бывае з хваробай: калі менавіта цябе гэта не кранула, то і не турбуе. А калі гэта здараецца з табой, тваім сябрам, тваёй сям'ёй, тады становіцца балюча.

Я разумею, што цяпер наш афіцыйны сцяг іншы і спартоўцы падымаюць яго на міжнародных спаборніцтвах. Але бел-чырвона-белы сцяг у маёй душы яшчэ са школы. Я ведаю яго гісторыю, мяне так вучылі і мне гэта блізка. Мне вельмі непрыемна, што наш гістарычны сцяг сёння ўважаецца апазіцыйнай і забароненай сімволікай. За яго арыштоўваюць, прыйдзеш на хакей - яго забіраюць. Але ж гэта быў наш дзяржаўны сцяг з 1991-га да 1995 года. Давайце яго паважаць.

Калі я баксіраваў у Мілане за тытул чэмпіёна свету, на ўсю трыбуну разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг. Так мяне падтрымалі землякі. Потым я пазнаёміўся з адным з ініцыятараў гэтай акцыі. Гэта быў звычайны хлопец, які вучыцца ва ўніверсітэце ў Варшаве, любіць спорт і ніяк не звязаны з палітыкай.

- А чаму табе не ўсё роўна? Дзесяціразовы чэмпіён свету, зорка, паспяховы малады чалавек з выдатнай кар'ерай. У Беларусі гэта рызыка - быць сапраўдным патрыётам.

- Што могуць значыць спартовыя поспехі і дасягненні, калі такое адбываецца ў свеце, калі людзі гінуць за сваю незалежнасць, за свае сем'і, за сваю краіну? Уся гэтая паспяховасць - нішто ў параўнанні з тым, што хтосьці губляе сябра, гатовы аддаць жыццё за сваіх родных, бацькоў, сваю краіну.

Я мяркую, што нашмат большай сілай валодаюць людзі, якія, пераступаючы праз страх пакарання або страх смерці, адстойваюць свае ідэалы і абараняюць радзіму.

- Здаецца, што цяпер важныя не столькі сіла, колькі вера.

- «Кожнаму па веры яго», - так у Бібліі было напісана. Калі ты нешта робіш і не верыш у гэта, якім можа быць вынік? З верай у сэрцы жывецца і працуецца значна лягчэй.

- Жыве Беларусь!

- Жыве вечна!

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках