10 траўня 2024, Пятніца, 13:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расею скараціўся ўдвая

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расею скараціўся ўдвая

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расею ў студзені-лютым 2015 склаў 142,1 тысяч тон.

Паводле інфармацыі БелаПАН, фізічныя аб'ёмы паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Расею знізіліся ў два разы ў параўнанні са студзенем-лютым 2014 года.

У вартасным вымярэнні аб'ём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў у Расею ў студзені-лютым 2015 склаў 48.700.000 даляраў і знізіўся на 70,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года.

Варта адзначыць, што ў пачатку мінулага года назіралася станоўчая дынаміка паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Расею. Так, за студзень-люты 2014 г экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расею складаў 285,1 тысяч тон і павялічыўся ў параўнанні са студзенем-лютым 2013 прыкладна ў 1,4 разы.

Як паведамлялася раней, на 2015 год Беларусь узяла абавязанні паставіць на расейскі рынак 1,8 млн тон нафтапрадуктаў. Разам з тым кіраўніцтва канцэрна «Белнафтахім» раней канстатавала, што ў сакавіку гэтага года пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у Расею былі прыпыненыя.

«У сакавіку паставак не было. Мы скарысталіся сваім правам аб іх прыпыненні ў сакавіку да правядзення кансультацый аб аднаўленні даходнасці», - паведаміў старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка, адказваючы на пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцыі 18 сакавіка.

На гэтым тыдні намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Віталь Паўлаў паведаміў журналістам, што ў красавіку Беларусь ужо паставіла ў Расею 25 тысяч тон нафтапрадуктаў. Пры гэтым ён не змог ацаніць месячны аб'ём паставак нафтапрадуктаў у Расею. «Складана ацэньваць, які аб'ём будзе агулам за месяц, мы працуем над гэтым пытаннем. Пры нармальнай кан'юнктуры коштаў праблем з пастаўкамі не ўзнікае», - канстатаваў Віталь Паўлаў.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб цэнавых умовах паставак нафтапрадуктаў у Расею, намеснік старшыні «Белнафтахіма» падкрэсліў: «Мы займаемся гэтым пытаннем і будзем абмяркоўваць яго з расейскім бокам».

Варункі паставак беларускіх нафтапрадуктаў на расейскі рынак і расейскай нафты ў Беларусь планавалася абмеркаваць падчас візіту віцэ-прэм'ера Расеі Аркадзя Дварковіча ў Беларусь 14 красавіка.

Аднак міністр энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак на гэтым тыдні заявіў, што дакладныя падставы, якія б давалі беларусам права прыпыняць пастаўкі нафтапрадуктаў на расейскі рынак, нідзе не прапісаны.

«У пагадненні ёсць агаворка, што калі кошты істотна адрозніваюцца (кошты на расейскім рынку з умовамі паставак на іншых кірунках), то беларускі бок можа прыпыніць пастаўкі. Але гэты пункт быў прапісаны абстрактна: што такое істотная розніца, незразумела, методыка адсутнічае», - заявіў Новак, інтэрв'ю з якім 13 красавіка апублікавалі расейскія «Ведомости».

Кіраўнік Мінэнэрга Расеі адзначыў, што цяпер такая методыка распрацоўваецца. Пры гэтым Новак пацвердзіў, што ў расейскага боку існуе прававая падстава прыпыніць пастаўкі нафты ў Беларусь у выпадку скарачэння паставак беларускім бокам бензіну на расейскі рынак.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках