1 траўня 2024, Серада, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Багдан Ярэменка: Трыбунал наконт «Боінга» МН17 павінны разгледзець у Генасамблеі ААН

1
Багдан Ярэменка: Трыбунал наконт «Боінга» МН17 павінны разгледзець у Генасамблеі ААН
Багдан Ярэменка

Украіна павінна правесці нацыянальнае расследаванне катастрофы «Боінга» МН17.

Больш за тое, правільна праведзеныя Украінай следства і суд могуць даць падставы для ўзважанай і аргументаванай пастановы міжнароднага трыбунала.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў украінскі дыпламат і кіраўнік праўлення дабрачыннага фонду «Майдан замежных спраў» Багдан Ярэменка.

- Сёння будзе праходзіць галасаванне ў Радзе Бяспекі ААН у стварэнні трыбунала для расследавання катастрофы малайзійскага «Боінга» МН17. На вашу думку, якія будуць вынікі?

- Улічваючы выразна заяўленую пазіцыю Расейскай Федэрацыі, якая валодае правам вета ў Радзе Бяспекі ААН, сцвярджаць, што рэзалюцыя будзе прынятая - не вельмі шмат падстаў.

Але я думаю, што мэта сённяшняга пасяджэння, можа быць, нават не ў тым, каб канчаткова развязаць гэтае пытанне. Іншага варыянту, акрамя таго, каб перадаць развязанне гэтага пытання з Рады Бяспекі на Генеральную Асамблею ААН, няма. А для гэтага трэба, каб Рада Бяспекі прадэманстравала няздольнасць прыняцця пастановы ў гэтым пытанні.

Я думаю, будуць і іншыя спробы, але ў выніку пытанне будзе перададзенае на сесію Генеральнай Асамблеі, і там ужо будзе прынятая канчатковая пастанова.

- На вашу думку, прыняцце гэтай пастановы на Генеральнай Асамблеі будзе больш імаверным?

- Я думаю, гэта адзіна магчымы варыянт. У Радзе Бяспекі, цалкам відавочна, можа быць прынятая толькі тая пастанова, якая задаволіць Расею. На сённяшні дзень відаць, што Расею задаволіць толькі адна пастанова: калі такі трыбунал ніколі не будзе створаны. Іншага шляху, акрамя развязання гэтага пытання праз Генеральную Асамблею, проста няма.

- Якія яшчэ захады можа зрабіць украінская дыпламатыя для таго, каб сапраўдныя віноўнікі катастрофы былі ўсталяваныя?

- Пакуль украінская дыпламатыя не дэманструе ніякай крэатыўнасці і дзейнічае салідарна з іншымі краінамі, уносячы гэтую ініцыятыву. У гэтым выпадку, гэта не проста ініцыятыва Украіны - і гэта правільна - бо гаворка ідзе аб узгадненні дзеянняў з іншымі краінамі: Галандыяй, Аўстраліяй, Малайзіяй.

Але агулам, я думаю, што ўкраінская дзяржава павінна дзейнічаць больш актыўна ў плане правядзення нацыянальнага расследавання на тэрыторыі Украіны. Украіна - гэта прававая дзяржава, на нашай тэрыторыі ўчыненае гэта злачынства, і па-за залежнасцю ад таго, што будзе адбывацца ў рамках ААН, Украіна магла б правесці сваё расследаванне.

Больш за тое, правільна праведзеныя Украінай следства і суд могуць даць добрыя падставы для ўзважанай і аргументаванай пастановы міжнароднага трыбунала, калі такі будзе створаны.

- Як вы мяркуеце, тэхнічна правядзенне такога нацыянальнага расследавання і суда магчымыя? Улічваючы тое, што вялікая частка довадаў была разрабаваная тэрарыстамі?

- У гэтым выпадку з тымі ж праблемамі сутыкнецца і міжнародны трыбунал. Таму нацыянальнае расследаванне, вядома ж, магчымае. Я думаю, што дакументаў, аргументаў, фактаў, доказаў дастаткова для таго, каб, па-першае, прыняць пастанову, што гэта быў тэракт, па-другое - каб усталяваць, кім быў збіты і калі быў збіты «Боінг».

Іншая справа - высвятленне заказчыкаў. Гэта больш складанае пытанне. Але, думаю, ва Украіны проста няма выйсця. Яна павінна праводзіць, як усякая прававое суверэнная дзяржава, сваё нацыянальнае расследаванне.

І прэцэдэнт такі быў - напрыклад, амерыканскі самалёт, збіты над Шатландыяй, у чым абвінавацілі лівійскія спецслужбы. Расследаванне праводзілася мясцовым аддзяленнем паліцыі ў горадзе Лакербі пры ўзаемадзеянні з ФБР ЗША. Вось гэта правільная формула, якая і ў нас павінна была ўжыцца першапачаткова.

- На вашу думку, чаму такое расследаванне не пачатае?

- Я не магу сцвярджаць, што яно не пачатае. Проста ўвесь упор быў зроблены на тое, каб расследаванне праводзілася на міжнародным узроўні.

Напэўна, Украіна спрабавала такім чынам зняць з сябе магчымыя папрокі ў не прафесіяналізме або спробах схаваць нейкія факты. Але я думаю, дэманстраваць адкрытасць можна было і ў рамках нацыянальнага расследавання.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках