9 траўня 2024, Чацвер, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад грыфам «Для службовага карыстання»: Улады ўзяліся за ProStore

12

Сетка гіпермаркетаў ProStore пакрысе аднаўляе асартымент тавараў, дэфіцыт якіх узнік праз запазычанасць перад пастаўнікамі.

Дапамагаюць прыватнай гандлёвай сетцы ўлады, пішуць «Беларускія навіны».

«На сённяшні дзень ужо некаторыя пастаўнікі вярнуліся, астатнія пакуль думаюць», - паведамілі ў Галоўнай управе спажывецкага рынку Менгарвыканкама.

Фота спусцелых паліц у крамах сеткі ProStore сталі з'яўляцца ў СМІ пасля затрымання бізнэсоўца Юрыя Чыжа ў сакавіку гэтага года. Абвінавачаны ва ўхіленні ад выплаты падаткаў прадпрымальнік з'яўляецца асноўным уладальнікам групы кампаній «Трайпл», куды ўваходзяць гіпермаркеты ProStore.

Адначасова ў краіне папаўзлі чуткі аб продажу ProStore кампаніі «Тытунь-інвест», якая належыць вялікаму бізнэсоўцу Паўлу Тапузідзісу.

Аднак уладальнік уласнай гандлёвай сеткі пад брэндам «Карона» ў каментары tut.by зняпраўдзіў гэтую інфармацыю.

На пачатку траўня ў распараджэнне сайта charter97.org трапіў дакумент, у якім дырэктар ЗАТ «Прастор-Трэйд» Сяргей Чыж просіць генеральнага дырэктара холдынгу «Гроднамясамалпрам» абавязаць падлеглыя прадпрыемствы аднавіць пастаўкі прадукцыі ў сетку гіпермаркетаў ProStore.

У дакуменце, датаваным 3 траўня, таксама гаворыцца, што ў канцы красавіка Мінсельгасхарчу, канцэрнам «Белдзяржхарчпрам», «Беллеспаперапрам» і «Беллёгпрам», аблвыканкамам і Менгарвыканкаму было дадзенае даручэнне забяспечыць на працягу першай дэкады траўня аднаўленне падпарадкаванымі арганізацыямі паставак прадукцыі ў гандлёвую сетку ProStore з улікам раскладу сплаты пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці.

Хто даў такое даручэнне, не гаворыцца, але яно праходзіць пад грыфам «Для службовага карыстання». Мусібыць, такое даручэнне даў урад, але ў яго прэс-службе каментаваць дакументы пад грыфам ДсК адмовіліся.

Сетка гіпермаркетаў абяцае сплаціць пазыкі перад пастаўнікамі.

«Расклады сплаты пратэрмінаванай запазычанасці намі падрыхтаваныя і дасылаюцца на адрас усіх прадпрыемстваў-пастаўнікоў», - гаворыцца ў дакуменце.

Яшчэ 6 траўня гандлёвая сетка заявіла, што развязвае праблемы з асартыментам. На сайце кампаніі з’яўляецца навіна з загалоўкам «Мы вяртаем усё на свае месцы!» і фота запоўненых паліц.

12 траўня была створаная працоўная група для маніторынгу сеткі гіпермаркетаў ProStore. У яе ўвайшлі прадстаўнікі Галоўнай управы спажывецкага рынку Менгарвыканкама, Міністэрства гандлю, Міністэрства падаткаў і збораў, «Беларусбанка», а таксама кампаніі «Прастор-Трэйд».

«Працоўная група разглядае бягучыя пытанні ў працоўным парадку, праводзіцца маніторынг. Робіцца ўсё для таго, каб вярнуць увесь асартымент тавараў на паліцы крам», - паведамілі ў Галоўнай управе спажывецкага рынку Менгарвыканкама.

Сетка ProStore налічвае пяць гіпермаркетаў у Менску.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках