1 траўня 2024, Серада, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АГП: Міліцыя масава ўдзельнічае ў фальсіфікацыі «выбараў»

7
АГП: Міліцыя масава ўдзельнічае ў фальсіфікацыі «выбараў»

Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі перадалі зварот у МУС з патрабаваннем спыніць фальсіфікацыі.

28 ліпеня, карыстаючыся статусам чальцоў ініцыятыўных груп для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, актывісты і лідары АГП і БХД правялі пікет каля будынка МУС на праспекце Незалежнасці, паведамляе ucpb.org.

Яны падпісалі і перадалі Міністру ўнутраных спраў Шуневічу І. А. зварот з патрабаваннем да міліцыі стаяць на варце законнасці і Канстытуцыі краіны, якая абвяшчае адкрытыя і сумленныя выбары.

Поўны тэкст звароту:

Зварот

У сувязі з тым, што падчас выбарчых кампаній назіральнікамі неаднаразова выяўляліся выпадкі фальсіфікацыі выбараў, маніпуляцыі з галасамі выбарцаў падчас падліку бюлетэняў, укідвання туды бюлетэняў у скрыні для датэрміновага галасавання і галасавання на месцы жыхарства, узнікаюць пытанні аб дзейнасці супрацоўніка міліцыі, які ахоўвае выбарчыя ўчасткі і скрыні для галасавання.

Цяпер супрацоўнік міліцыі, які забяспечвае ахову выбарчых участкаў і скрынь для галасавання, не нацэлены на папярэджанне і спыненне злачынства прадугледжанага арт 192 КК РБ «Парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, аб адклiканнi дэпутата і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян».

Гэта выклікана тым, што, заступаючы на дзяжурства, супрацоўнік атрымлівае загады, якія фактычна пераводзяць яго ў падпарадкаванне старшыні выбарчай камісіі. Такім чынам, службовая асоба праваахоўных органаў, замест стрымання крымінальных злачынстваў (фальсіфікацый выбараў), - фактычна іх гарантуе, становячыся суўдзельнікам. Гэтую заганную, прыніжальную для кожнага супрацоўніка міліцыі практыку трэба спыніць.

Для гэтага патрэбны адпаведны загад міністра ўнутраных спраў, апублікаваны ў СМІ, у якім асобным пунктам будзе гучаць патрабаванне прыняць усе захады для спынення злачынстваў, прадугледжаных арт 192 КК РБ, а ў выпадку выяўлення злачынства неадкладна распачынаць крымінальныя справы ў дачыненні да вінаватых асоб. Гэта дазволіць супрацоўнікам напоўніцу выканаць свае абавязкі і безумоўна, будзе спрыяць падвышэнню даверу да міліцыі агулам.

Патрабуем таксама правесці дбайнае расследаванне ўсіх заяў пра фальсіфікацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе і пакараць службовых асоб, якія маюць дачыненне да ўкрывальніцтва злачынстваў.

28.07.2016

Зварот падпісалі спікеры правацэнтрысцкай кааліцыі Мікалай Казлоў, Вольга Маёрава, Ганна Канапацкая, Марына Хоміч і лідары АГП і БХД Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі, а таксама актывісты АГП і грамадзяне РБ.

Просьба да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі трымаць пад кантролем гэтую тэму, а таксама запрасіць усіх сваіх чытачоў у назіранне - для таго, каб атрымаць максімальна аб'ектыўную інфармацыю таго, што адбываецца на участках.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках