Украіна ўпершыню пачне вырабляць баявыя БПЛА ў Германіі
- 1,554
На працягу бліжэйшага года Кіеў плануе заключыць яшчэ з дзясятак падобных дамоўленасцяў.
Украінскі абаронны стартап заключыў здзелку на 100 млн еўра па выпуску беспілотнікаў у Германіі. У бліжэйшы год Кіеў плануе заключыць яшчэ з дзясятак падобных дамоўленасцяў, каб істотна павялічыць вытворчасць, пачаць продаж сваёй прадукцыі заходнім саюзнікам і зменшыць залежнасць ад Кітая, паведамляе Financial Times.
Кампанія Frontline, заснаваная ў 2022 годзе, адкрые завод на поўдні Германіі ў партнёрстве з баварскім вытворцам разведвальных дронаў Quantum Systems.
Ад украінскага боку СП атрымае інтэлектуальную ўласнасць і баявы досвед, ад нямецкага — магчымасці аўтаматызаванай вытворчасці, еўрапейскі ланцуг паставак, сувязі з Бундэсверам і ўзброенымі сіламі іншых еўрапейскіх краін. На заводзе коштам 40 млн еўра ў 2026 годзе плануецца вырабіць 10 тысяч дронаў, якія будуць накіраваныя ва Украіну. Пасля гэтага кампаніі атрымаюць права на экспарт апаратаў у іншыя краіны.
Паводле слоў Матыяса Лены з Quantum, які ўзначаліць СП, кампанія ўжо вядзе перамовы з Бундэсверам аб пастаўках яму новых дронаў. Аляксандр Камышын, пазаштатны дарадца прэзідэнта Украіны па стратэгічных пытаннях, сказаў FT, што СП павінна стаць першым з 10 падобных праектаў, якія плануецца рэалізаваць у Еўропе на працягу наступнага года.