14 снежня 2025, Нядзеля, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошні дыктатар Еўропы супраць Еўрапейскага Марша

11

Моладзевыя актывісты Мікіта Сасім і Павал Юхневіч затрыманыя сёння ў менскім мікрараёне Сухарава. Да актывістаў падышлі людзі ў цывільным, паказалі пасведчанні супрацоўнікаў міліцыі і заявілі, што моладзевыя актывісты нібыта падазраюцца ў здзяйсненні крымінальнага злачынства. Што гэта за «злачынства», міліцыянты не ўдакладнілі. Пры гэтым, як стала вядома прэс-цэнтру Хартыі’97, падчас затрымання на Мікіту Сасіма нават надзелі кайданкі.

Супрацоўнікі міліцыі агледзелі аўтамабіль, у якім ехалі моладзевыя актывісты. Цяпер іх маюць намер адвезці ў Фрунзенскі раён Менска.

Улады працягваюць пераследаваць дэмакратаў напярэдадні Еўрапейскага Марша. Толькі сёння па сфальсіфікаваных абвінавачваннях адзін з кіраўнікоў Гарадзенскай арганізацыі партыі БНФ Мікола Лемяноўскі быў арыштаваны на 5 сутак, актывіст Саюза палякаў Беларусі Ігар Банцэр – на 10 сутак, моладзевы актывіст Павал Кур’яновіч – на 10 сутак.

Раней да арыштаў у 10–15 сутак былі прысуджаныя адзін з заяўнікаў Еўрапейскага Марша Яўген Афнагель, сябра аргкамітэта Еўрапейскага Марша Зміцер Бародка, дэмакратычныя актывісты Аляксандр Атрошчанкаў, Леанід Навіцкі, Святлана Гарохавік і шматлікія актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі і партыі БНФ.

Усяго за падрыхтоўку да Еўрапейскага Марша былі арыштаваныя больш за 50 чалавек.

Беларускія праваабаронцы адзначаюць, што сітуацыя напярэдадні Еўрапейскага Марша цяпер нагадвае сітуацыю напярэдадні 19 сакавіка 2006 года, калі таксама былі прэвентыўна арыштаваныя сотні актывістаў апазіцыі, але на вуліцы выйшлі больш за 40 тысяч беларусаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках