Валеры Леванеўскі: «На мясцовым узроўні, у рэгіёнах дыялог вядзецца»
- 2.10.2007, 14:35
"Удзел у Еўрапейскім Маршы – грамадзянскі доўг кожнага беларуса, якому не абыякавыя еўрапейскія каштоўнасці – заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр прадпрымальніцкага руху Беларусі Валеры Леванеўскі. – Я перакананы, што большасць беларусаў хацелі б жыць у адзінай Еўропе. Мне хочацца верыць, што ўжо ў недалёкай перспектыве Беларусь стане сябрам Еўразвяза, але, на жаль, не заўсёды нашы магчымасці супадаюць з нашымі жаданнямі. Беларускія ўлады пакуль не спяшаюцца выконваць умовы Еўразвяза".
Валеры Леванеўскі высока ацэньвае ініцыятыву правядзення дыялогу беларускай апазіцыі з уладамі дзеля нармалізацыі стасункаў Беларусі з Еўразвязам.
"Мне здаецца, гэта добры тактычны ход з боку беларускай апазіцыі. Аднак дыялог прадугледжвае ўдзел двух бакоў, якія гатовыя адзін аднаго слухаць і дамаўляцца. На мясцовым узроўні, у рэгіёнах і цяпер такі дыялог вядзецца і часам прыводзіць да поспеху, але на ўзроўні дзяржаўным на дадзеным этапе няма ўлады, а ёсць толькі адзінаўладдзе", –адзначыў лідэр прадпрымальнікаў.