Запрасілі на перамовы і арыштавалі. Хаос і разгубленасць ва ўладзе
33- 9.10.2007, 17:48
Заяўніка Еўрапейскага Марша, актывіста грамадзянскай кампаніі Яўгена Афнагеля арыштавалі праз 15 хвілін пасля заканчэння перамоваў у Менгарвыканкаме з нагоды правядзення Еўрапейскага Марша.
Адразу пасля выхаду з выканкама за ім была ўсталяваная сочка, пасля апазіцыянера схапілі і на хуткім і закрытым працэсе асудзілі па сфальсіфікаваных абвінавачваннях на 10 сутак арышту. Арышт аднаго з заяўнікаў Еўрапейскага Марша ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 каментуюць лідэры апазіцыі Віктар Івашкевіч, Анатоль Лябедзька і Андрэй Саннікаў.
Старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік старшыня Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:
– Затрыманне Яўгена Афнагеля пацвярджае, што сёння ўлады разгубленыя і не ведаюць, як сябе весці ў новых палітычных і эканамічных умовах, якія склаліся ў Беларусі. І учорашнія дзеянні – з аднаго боку дыялог з нагоды правядзення Еўрапейскага Марша, а з другога – арышт аднаго з заяўнікаў акцыі – дэманструюць хаос і бязладдзе, якія пануюць у галовах кіраўнікоў Беларусі. Таму што з аднаго боку перамовамі з аргкамітэтам Еўрапейскага Марша яны хочуць прадэманстраваць для еўрапейскіх партнёраў сваю дэмакратычнасць, але арыштам Афнагеля гэтае пасланне нівялююць.
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
– Я цяпер знаходжуся на канферэнцыі ў Вільні, якая задумвалася яе арганізатарамі як адна з магчымасцяў дыялогу паміж уладай і апазіцыяй. Праўда, на канферэнцыю прыехаў толькі адзін дэпутат «палаты прадстаўнікоў» Міхаіл Паплаўскі, які распавядаў пра тое, што ў нас усё нібыта добра і выдатна. І тады я прывёў прыклад з Яўгенам Афнагелем. Апазіцыя працягвае руку ўладзе, а ўлада адказвае ўдарам. Як магчыма казаць пасля гэтага, што ў нас няма праблем, калі аднаго з заяўнікаў Еўрапейскага Марша проста на выхадзе з Менгарвыканкама пасля кансультацый з гарадскімі ўладамі забіраюць і вязуць у міліцыю? Больш навочнай дэманстрацыі рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх улад для ўдзельнікаў канферэнцыі – парламентарыяў з шматлікіх краін Еўропы – не трэба было. Прыклад з арыштам Яўгена Афнагеля быў вельмі пераканаўчы. Улады дагэтуль не адказалі на заклік апазіцыі пачаць дыялог у краіне зыходзячы з адказнасці за будучыню.
Удзельнік перамоўнай групы Еўрапейскага Марша, міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў:
– Калі разгледзець, як подла і цынічна дзейнічалі ўлады ў дачыненні арганізатараў Еўрапейскага Марша Яўгена Афнагеля, Змітра Бародкі, Леаніда Навіцкага, праваабаронцы Святланы Гарохавік, то можна выказаць здагадку, што ва ўладзе дзейнічае групоўка, якая настойліва дамагаецца поўнай ізаляцыі Беларусі. Такая абсурдная рэакцыя на арганізацыю мірнай, неканфрантацыйнай акцыі сведчыць пра поўную адсутнасць у кіраўніцтве краіны хоць трохі прадуманага падыходу да вырашэння складаных эканамічных і геапалітычных пытанняў. Застаецца шанец на тое, што хоць хтосьці возьме на сябе адказнасць за вывад дзяржавы з складанай сітуацыі, якая цяпер складаецца, інакш гэта прывядзе да хаосу ў кіраўніцтве краіны і адсутнасці якіхсьці магчымасцяў для прыняцця ўзважаных рашэнняў.