4 траўня 2024, Субота, 7:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На трыбуну – праз кабінэт Мясьніковіча?

У Менску пачаўся І зьезд навукоўцаў Беларусі, у якім бяруць удзел 2,5 тысячы чалавек. Згодна з прэс-рэлізам, дэлегаты зьезду прааналізуюць выкананьне праграмных дакумэнтаў, “накіраваных на дасягненьне інавацыйнага разьвіцьця нацыянальнай эканомікі і падвышэньня яе канкурэнтаздольнасьці на рэгіянальных і глябальных рынках”. Аднак многія аўтарытэтныя прадстаўнікі беларускай навукі называць форум няйначай, як “прапагандысцкім шоў”.

Сабраць пад адным дахам навукоўцаў удалося толькі з трэцяй спробы. Папярэднія намаганьні плёну ня мелі – нягледзячы на тое, што ў 2002 і 2004 гадах былі надрукаваныя галяграфічныя знакі зьезду і праграмная літаратура, паведамляе “Радыё Свабода”.

Навуковы зьезд з элемэнтамі шоў

Арганізатарамі І зьезду навукоўцаў Беларусі выступаюць Нацыянальная Акадэмія навук (НАН) і Савет міністраў. З прэзыдыюму Саўміну рассылаліся рэкамэндацыі навуковым установам, каго менавіта пажадана абіраць дэлегатамі зьезду – перадусім дырэктара, ягоных намесьнікаў, загадчыкаў сэктараў. Але ў працэсе вылучэньня шмат якія вядомыя асобы апынуліся па-за бортам мерапрыемства. Адзін зь іх – член-карэспандэнт НАН, фізык-тэарэтык Леў Тамільчык.

Па ягоных словах, “фармаваньне складу адбывалася згодна з правіламі: кожны навуковы калектыў дэлегуе сваіх вылучэнцаў. Ад нашага інстытуту цэлы гурт і пайшоў туды. Ну, а я ў гэты гурт не патрапіў...”, кажа навуковец і сьцьвярджае, што наўрад ці ад з’езду будзе нейкі эфэкт, бо “канструктыўныя пытаньні не вырашаюцца публічна. Тут збольшага элемэнты нейкага шоў”.

У навуцы няма “прамежкавага зьвяна”

А вось кандыдат хімічных навук, загадчык лябараторыі Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі Аляксандар Шункевіч патрапіў у дэлегаты і два дні будзе прадстаўляць на зьезьдзе інтарэсы сваёй установы, але выступіць у яго не атрымаецца, бо “праграма ў якойсьці ступені ўжо сфармаваная. Калі раптам выявіцца, што можна выступіць, – дык можа быць. Але сумняюся.”

Па словах Шункевіча, праблемаў у навуцы зараз хапае, але галоўнае, з-за нізкіх заробкаў “у нас імкліва старэе інстытут. І ня толькі інстытут, а ўвогуле акадэмія. Ёсьць сталыя людзі, і крыху ёсьць моладзь. Прамежкавага зьвяна, на жаль, няма”.

А прамежкавае зьвяно, паводле спадара Шункевіча, трэба шукаць ці ў замежных навуковых цэнтрах, ці ў іншых прафэсійных нішах. Нізкія заробкі прывабліваюць у навуку толькі сапраўдных “фанацікаў” сваёй справы.

Тэксты выступаў – пасьля рэзалюцыі Мясьніковіча

Былы кіраўнік НАН, акадэмік Аляксандар Вайтовіч, які застаўся па-за пулам вылучаных дэлегатаў, перакананы, што ніхто з дэлегатаў не будзе з трыбуны крытыкаваць стан навуковай галіны ў краіне, бо, па ягоных зьвестках, каб выступіць, “неабходна было даць Мясьніковічу тэксты дакладаў. Таму што яны ня хочуць, каб гучалі ці ўздымаліся хоць нейкія праблемы. Зразумела, што ў такім выпадку гэта будзе цалкам прапагандысцкі сход. Дый чорт ведама колькі грошай зьбіраюцца ўкласьці – 1,5 мільярда рублёў! А мы ня можам ня тое што купіць абсталяваньне, нават выпісаць часопісы патрэбныя няма за што. Лепш было б выкарыстаць гэтыя сродкі сапраўды на навуку, а не на такое “паказушнае” мерапрыемства”, лічыць А. Вайтовіч.

Напярэдадні зьезду ў навуковых колах зьявіліся чуткі пра магчымую адстаўку цяперашняга старшыні Акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, які ўзначальвае структуру ад 2001 году. Савет Міністраў складае новы сьпіс прэзыдыюму НАН, і прозьвішча Мясьніковіча там ня значыцца. Аднак спраўдзіць гэтыя зьвесткі пакуль ніхто не адважыўся.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках